Галоўная » Капітана трэцяга рангу аштрафавалі за ўдзел у мірным сходзе

Капітана трэцяга рангу аштрафавалі за ўдзел у мірным сходзе

Капітан трэцяга рангу ў адстаўцы Аляксандр Страх быў пакараны 16 верасня штрафам за ўдзел у мірнай акцыі, якая прайшла ў Магілёве 30 жніўня. Такое рашэнне прыняла суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Аксана Ратнікава.

“Судзяць старога сівога марскога воўка”, – заявіў на судовым пасяджэнні Аляксандр Страх, пасля таго, як суддзя зачытала матэрыялы справы, заведзенай па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Паводле міліцэйскіх дадзеных, Страх, удзельнічаючы ў несанкцыянаваным шэсці, махаў рукой, выказваў свой пункт погляду і нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

“Я выйшаў на вуліцу, і аказалася, што нешта парушыў. Ці трэба мець дазвол, каб выйсці на вуліцу!?” – абураўся Страх, які хадайнічаў аб выкліку ў суд у якасці сведак старшыні Магілёўскага гарвыканкама і камандзіра магілёўскага АМАПу. Суддзя адхіліла данае хадайніцтва.

У сваю чаргу падсудны адзначаў, што яму было прыемна ўдзельнічаць у мірнай акцыі, размаўляць і знаёміцца з людзьмі, якія ішлі і радаваліся жыццю. Ён не адмаўляў, што крычаў “Жыве Беларусь!”, і выказваў гатоўнасць крычаць гэта нават у судзе.

“Не прызнаю ніякіх абвінавачванняў!” – заявіў Страх.

Калі суддзя абвясціла сваё рашэнне – 10 базавых велічынь (270 рублёў) адміністрацыйнага штрафу, марскі афіцэр гучна прамовіў “Жыве Беларусь!”.

Уладзімір Лапцэвіч