Пандэмія SARS-CoV-2 будзе працягвацца да таго часу, пакуль навукоўцы не распрацуюць вакцыны супраць каранавіруснай хваробы, заявіў 12 красавіка спэцпрадстаўнік у праблемах COVID-19 пры Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Дэвід Набара. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію NBC News 12 красавіка.
Паводле Набара, характар каранавірусу адрозьніваецца ад характару сэзоннага грыпу.
«Мы ня ўпэўненыя, што гэта [COVID-19. — РC] будзе адбывацца хвалямі, як грып. Мы лічым, што гэты вірус будзе працягваць перасьледаваць чалавецтва яшчэ доўга, пакуль мы ўсе не атрымаем вакцыны, здатнай абараніць нас», — заявіў ён.
Як зазначыў прадстаўнік WHO, хоць колькасьць пацыентаў у Эўропе скарачаецца, хвароба распаўсюджваецца і ў іншыя часткі сьвету, таму ўсе краіны павінны мець належную інфраструктуру.
«Што да гэтага канкрэтнага вірусу, то ключавой зьяўляецца наяўнасьць у кожнай супольнасьці пэўнага ахоўнага бар’еру, які зможа фіксаваць пацыентаў, як толькі яны зьявяцца, ізаляваць іх і прадухіліць успышку. Неабходна, каб у кожнай краіне была такая магчымасьць», — дадаў Набара.
Крыніца: Радыё Свабода