1) Чаму ў Італіі так моцна вырасла смяротнасць? Яна перавысіла ўжо 6 %, тады як на пачатку гаварылі пра 2 %.
Гэта першы вынік вялікай колькасці заражэнняў. На 60-мільённую Італію — больш за 10 тысяч інфікаваных, але ў «чырвоных зонах», у раёнах з найбольшай колькасцю заражэнняў (гэта Ламбардыя) ужо нестае месцаў у рэанімацыі і медперсаналу (бо частка апошняга на каранціне, згодна з належнымі пратаколамі). І гэта яшчэ пры 10 тысячах. Уявіце, што было б, калі колькасць заражэнняў вырасла б да 100 тысяч ці мільёна.
2) Чаму тады Трамп параўнаў каранавірус з грыпам? Можа сапраўды, «забіць» на яго?
Трамп дзейнічае, як і многія кіраўнікі яго тыпу: галоўнае — каб не было панікі (і гэта мудра) і каб не спынялася эканамічная актыўнасць (а гэта спрэчна).
Сапраўды, у ЗША, як лічыцца, у 2019-м на грып захварэлі 35 мільёнаў людзей, 32 тысячы з іх памерла.
Дык вось, калі дапусціцца, што на каранавірус у ЗША захварэлі б тыя самыя 35 мільёнаў, то памерлі б ад яго там мінімум 700 тысяч (пры смяротнасці 2 %), а можа і 2 мільёны (пры 6 %). Між тым пры такой колькасці хворых не хапіла б ні сродкаў лячэння, ні магчымасці ратаваць людзей, і смяротнасць была б яшчэ большая.
Медыкі сцвярджаюць, што каранавірус нават трохі больш заразны, чым грып. Калі не ўводзіць засцярог, то рост колькасці выпадкаў можа стаць рэальна «вірусным», як пры грыпе.
Вось чаму фінансава затратныя спосабы барацьбы (каранціны, шпіталізацыя патэнцыйных носьбітаў, спыненне транспартнай камунікацыі з зонамі заражэння) апраўданыя, і добра, што Беларусь таксама іх ужывае.
3) Кітаю ўдалося спыніць эпідэмію ў яе агмяні, ва Ухані, дзякуючы радыкальным захадам.
Эпіцэнтры былі фізічна адгароджаныя ад рэшты краіны, прадпрыемствы спынілі працу, а людзей садзілі на каранцін пад строгім кантролем пры найменшым кантакце з інфікаванымі асобамі. Дзякуючы гэтаму эпідэмію ўдалося спыніць — і тым не менш больш за 3000 чалавек у Кітаі памерлі, і працягваюць паміраць.
4) Эпідэмія ў іншых краінах развіваецца ў тым жа тэмпе, што і ў Кітаі з лагам у месяц.
Гэта дае падставу меркаваць, што магчымыя сцэнары толькі два. Або розныя краіны свету будуць змушаныя ўводзіць такі ж драконаўскі каранцін, які Кітай увёў ва Ухані, або эпідэмія будзе распаўсюджвацца па нарастанні.
І першы, і другі сцэнар катастрафічныя.
Калі будзе ўведзены строгі каранцін, як ва Ухані, будзе спыненае перамяшчэнне між гарадамі і краінамі — для сусветнай эканомікі гэта шок. Пацерпяць не толькі турыстычная сфера і авіяперавозкі, але самыя розныя галіны. Краінам, асабліва закранутым эпідэміяй, давядзецца жыць ва ўмовах, добра падзабытых з часоў вайны. Да прыкладу, Ламбардыя прапанавала ўраду Італіі закрыць усе крамы і сэрвісы — акрамя прадуктовых і аптэк.
Нават калі краіну — як Беларусь цяпер — эпідэмія абышла бокам, то тармажэнне сусветнай гаспадаркі, ланцугом ударыць і па нас.
Калі ж такія меры не ўвесці, то ніхто не можа прадказаць маштаб эпідэміі.
Магчыма, многія дзяржавы пастараюцца балансаваць між першым і другім, робячы стаўку на свядомасць людзей, як цяпер — Італія. Яны будуць старацца і згладзіць крывую заражэнняў, і ў той жа час не даць гаспадарцы спыніцца. Пры такім падыходзе колькасць заражэнняў мае быць меншай, чым пры сезонным грыпе, але даволі істотнай.
Некаторыя эпідэміёлагі спадзяваліся, што каранавірус, як і грып, сам схлыне разам з веснавым цяплом. Аднак большасць навукоўцаў цяпер схіляюцца да таго, што такога не будзе. Калі ўсё ж вірус сам сабой пачне згасаць раней, чым заразіць істотную частку папуляцыі, можаце лічыць гэта вялікім цудам.
5) Маладыя людзі да 30 гадоў мала заражаюцца, а смяротныя выпадкі прыпадаюць амаль усе на людзей старэйшых за 60 гадоў. Можа быць, гэтую хваробу выдумалі пенсійныя фонды?
Каб зберагчы жыццё старэйшых людзей, моладзі ў зонах эпідэміі трэба будзе таксама перасцерагацца. Інакш яны робяцца разносчыкамі хваробы, для іх не страшнай, але якая вельмі небяспечная для іх бабуль і дзядуль, а таксама для людзей з хранічнымі хваробамі.
6) Якія краіны на сёння самыя небяспечныя для падарожжаў. Сачы за колькасцю «актыўных выпадкаў»?
Колькасць заражаных па стане на 10 сакавіка (на мільён жыхароў):
Італія 178
Паўднёвая Карэя 146
Іран 96
Нарвегія 72
Бахрэйн 65
Швейцарыя 57
Данія 45
Іспанія 36
…
Беларусь 1
7) Сітуацыю могуць змяніць вынайдзеныя лекі і вакцыны.
Што да вакцын, то медыкі на шляху да распрацоўкі іх, але гэта зойме яшчэ некалькі месяцаў.
Калі браць лекі, то дактары ў розных краінах спрабуюць лекаваць цяжкія пнеўманіі, выкліканыя Covid-19, з дапамогай існых антывірусных сродкаў. Найбольш надзеі дае рэмдэзівір (remdesivir), які выкарыстоўваецца пры лекаванні эболы.
Але зноў жа, калі дзяржавы дапусцяцца да таго, што колькасць выпадкаў стане надмернай, узнікне дэфіцыт лекаў. І многія каранцінныя меры таксама спрычыняць нястачу медыкаментаў — як закрыццё Уханя выклікала рэзкае падзенне вытворчасці некаторых лекаў у Індыі (асноўным пастаўніку ў Еўропу), бо Індыя атрымлівала інгрэдыенты з заводаў у тым самым Ухані.
8) Перавага Беларусі ў дадзенай сітуацыі — што мы трохі ўбаку ад сусветнага гандлю і турызму.
Да еўрапейскай перыферыі — ад Кіпра да Літвы, і да нашай краіны таксама гэты вірус дайшоў у апошнюю чаргу, бо мы далейшыя і ад першых агмянёў у Азіі, і ад другіх — у Заходняй Еўропе. Аднак Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што дадзеная эпідэмія не абміне нікога, пытанне толькі часу і маштабу ў той ці іншай краіне.
9) Нагадаем асноўныя меры перасцярогі.
Пазбягайце памяшканняў з вялікай колькасцю людзей, а калі вы ў зоне рызыкі — то і грамадскага транспарту.
Мыйце рукі пасля вуліцы, перад ядой, перш чым дакранацца да носа, рота, вачэй.
Высыпайцеся, не распарвайцеся.
Атачыце клопатам ваша старэйшае пакаленне, каб яны менш хадзілі ў крамы, на пошты і г.д.
Абмяжуйце турыстычныя паездкі і камандзіроўкі.
Сяргей Гезгала
Крыніца: “Наша ніва”