Галоўная » Карэспандэнта “Вячэрні Магілёў” арыштавалі на 6 сутак за пікет супраць гвалтоўнай вакцынацыі

Карэспандэнта “Вячэрні Магілёў” арыштавалі на 6 сутак за пікет супраць гвалтоўнай вакцынацыі

Егудзі Ігаэля затрымалі 27 ліпеня ў Мінску на праспекце Незалежнасці. Супрацоўнікам АМАПу не спадабалася цішотка Егудзі з надпісам “Против насильственной вакцинации”, таму ў Ленінскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

30 ліпеня над мужчынам прайшоў суд, а яго справу разглядзела суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік.

У самым пачатку паседжання Егудзі заявіў, што “супрацоўнікі Акрэсціна яму гаварылі, што ў яго няма ніякіх правоў, яго не азнаёмілі з матэрыяламі справы і не дазволілі патэлефанаваць адвакату”. Таму мужчына запатрабаваў “выканання правоў у месцах пазбаўлення волі”.

Адвакат хадайнічаў аб далучэнні да справы ліста ад працадаўцы, у якім гаворыцца, што Егудзі працуе ў фондзе “Адкрытыя сэрцы”, з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты “Вячэрні Магілёў” і робіць усё для падтрымкі дзеючага канстытуцыйнага ладу.

На судзе мужчына не разумеў, чаму яго судзяць і некалькі разоў заяўляў аб парушэнні яго правоў. Таксама дадаў, што ён вядомы тым, што падтрымлівае Лукашэнку.

Суддзя Шоцік, у выніку, палічыла віну Егудзі цалкам даказанай, таму пакарала яго 6-сутачным арыштам.

Вясна