Не хацела сядзець гадзінамі на скразняку – атрымала папярэджанне аб звальненні. Скрозь слёзы санітарка-прыбіральшчыца з Чавусаў распавяла «Белсату», што пачуваецца бяспраўнаю і прайграе ў змаганні за працоўнае месца. З наступнага месяца ейная сямʼя можа застацца без сродкаў на жыццё.
Спадарыні Анжэле 40 гадоў. У Чавусах яна жыве з мужам і 2 дзецьмі і ўжо 8 гадоў працуе санітаркаю-прыбіральшчыцай у Чавускай Цэнтральнай раённай больніцы. Тэрмін працоўнай дамовы ў Анжэлы сканчаецца 1 траўня. Ужо зараз жанчыне паведамілі, што дамову з ёй не працягнуць.
«Афіцыйна каранціну ў нас у больніцы няма, але на ўваходзе ў галоўны корпус на час эпідэміі паставілі стол і загадалі мне там сядзець, казаць наведнікам, што неабходна зняць верхнюю вопратку і набыць бахілы. Мне за гэтую працу не даплачваюць», – тлумачыць сутнасць канфлікту Анжэла.
Па словах жанчыны, у яе абавязкі ўваходзіць прыбіранне лесвіцы і першага паверху, а таксама дзяжурства ў гардэробе. За сваю працу Анжэла атрымлівае 350 рублёў на месяц. За гардэроб, які адначасна зʼяўляецца сталом даведак, даплачваюць толькі ў ацяпляльны сезон – 0,25 стаўкі. Але яна праводзіць ў гардэробе круглы год.
«Я ўжо змірылася з тым, што апроч абавязкаў я і ў гардэробе сяджу, і аналізы з усіх аддзяленняў у санстанцыю развожу. Але гэты цяперашні стол на скразняку – гэта перабор. Усё роўна ж людзі ідуць праз гардэроб, там я ім і кажу вопратку здымаць і бахілы набываць. Навошта яшчэ стол ставіць на скразняку? Я не магу там сядзець, бо там халодна».
Не падабаецца – сыходзь
Пасля 2 дзён «на дзвярах» санітарка папрасіла кіраўніцтва пра зменшчыцу на дапамогу і давяла аргументы: без замены нельга ў прыбіральню схадзіць, няма абедзеннага перапынку, перакусваць даводзіцца на месцы.
«Я не сварылася, па-добраму патлумачыла. Тады мяне выклікалі да галоўнай медсястры Валянціны Мажэйкі, якая сказала: «Калі не будзеш там сядзець, то мы з табою разрываем дамову». Я звярнулася да намесніцы галоўнага лекара Галіны Панамаровай і атрымала той самы адказ».
Дазволіць сабе жыццё без працы сп. Анжэла не можа, бо мае сямʼю, часова беспрацоўнага мужа і абавязкі па крэдытах.
«Выжываць трэба, дзецям не скажаш, што грошай няма. Хочацца, каб дзіця расло ў не горшых варунках, чым іншыя дзеці», – скрозь слёзы кажа Анжэла.
Райвыканкам кажа трываць, прафсаюз – судзіцца
У змаганні за працоўнае месца жанчына звярнулася да старшыні Чавускага райвыканкаму Аляксандра Яфімчыкава, які параіў ёй трываць. Маўляў, яго таксама абражаюць, яму таксама пагражаюць, але ж ён трывае. Памылкаю было тое, што ў райвыканкам сп. Анжэла пайшла ў працоўны час, пакінуўшы калегу на падмене.
«За тое, што я адсутнічала, на мяне напісалі дакладную. Мне было дрэнна ад гэтага, узняўся ціск. Агулам гэта не першая дакладная. Іх пачалі пісаць пасля таго, як я першы раз выступіла супраць таго стала».
Пасля райвыканкаму Анжэла звярнулася па дапамогу ў прафсаюз, спадзеючыся на вырашэнне праблемы. Там параілі судзіцца і патлумачылі, што звольніць мяне могуць, не называючы прычыну.
«Я зразумела, што чалавечы лёс нічога не каштуе. Канешне, я – санітарка, адукацыі не маю, аб мяне можна і ногі выцерці, і дзверы перада мною закрыць. Начальству шмат веры, а мяне нават слухаць ніхто не хоча. Нават не ведаю, куды ісці цяпер і як мне далей жыць», – разводзіць рукамі сп. Анжэла.
Беспрацоўе ў Чавусах, як і ва ўсіх райцэнтрах Беларусі. Праз гэта муж Віталь перабіваецца на падпрацоўках. Сітуацыю ўскладніла эпідэмія каронавірусу. Сотні людзей пераводзяць на паўстаўкі, адпраўляюць на бальнічныя ці накіроўваюць у адпачынкі за свой кошт.
«У такіх умовах не маю шанцаў знайсці працу. Галоўны лекар пачаў працаваць у нас нядаўна. Ён мяне нават не выслухаў. Не ведае, як я працавала, але без пытанняў пагадзіўся мяне звольніць. Я такога стаўлення не разумею».
Супрацоўніца больніцы лічыць, што ейны лёс застаецца ў руках старэйшай медсястры Валянціны Мажэйкі, «якая чалавек няпросты і да якой трэба падыход».
Абстаноўка на працы абвастрылася настолькі, што Анжэла брала 7-дзённы адпачынак за свой кошт. Ад сёння, 13 красавіка і да заканчэння дамовы Анжэла ўзяла афіцыйны адпачынак. Праз «Белсат» яна звяртаецца да калектыву з просьбаю спыніць працоўны канфлікт і пакінуць за ёю працоўнае месца.
Фота: Васіль Коркін
Вольга Васільева, Belsat.eu