Якая цяпер пара? Калі выглянуць на вуліцу – звычайная поздняя восень. Калі глянуць ў тэлевізар — глыбокая палітычная “зіма”! А калі зазірнуць у беларускую душу –дэмісезонная туга і адвечная тутэйшая маркота…
“Але ж 104 гады назад было куды горш”- скажа дасведчаны гісторык-камуніст. “Не, так кепска як 30 год назад – ніколі не было і не будзе!”— не згадзіцца былы старшыня саўгаса. “Ды што вы, таварышчы, горш чым у 2020-м можа быць толькі ў 2022-м!”—нэрвова запярэчыць вядомы палітык і непрыкметна перасмыкне левым плячом. Пакінем іх пасярод гэтай бясплённай дыскусіі, бо ў кожнага ёсьць свая крыўда і праўда, ды толькі не ўсім апошнім часам можна пра яе казаць. Асабліва гэтай восенню.
Насамрэч, праўда вельмі залежыць ад… часу. Вось, напрыклад: сто чатыры гады назад у Петраградзе здарыліся вядомыя…- хацеў сказаць “усім”, але дакладней будзе —вядомыя ўсім каму за 50 — падзеі. Тыя, каму за 60 дружна падхопяць : “…Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэ…” – Стоп, даражэнькія! Я разумею, што вы хадзілі ў савецкую школу і многае з яе не забылі. Але. Першыя гады пасля 1917 нават бальшавікі назавалі тыя падзеі пераваротам, рэвалюцыяй яно стала у сярэдзіне 20-х, а “вялікай сацыялістычнай” з загалоўных літар – да дзесяцігадовага юбілею. Так бы мовіць за выслугу лет.
Але пра час і эпоху . Пасля скону СССР “сьвяшчэнная”, а за ёй і “сьвяточная” кар’ера Вялікай-Кастрычніцкай хутка скончылася. Спачатку па ўскраінах былой краіны Саветаў, а потым ў яе “сэрцы” і “калысцы”— у самой Расеі. Ну, а цяпер тыя, каму недалёка за васемнаццаць, могуць з трох разоў адгадаць: у якой краіне свету засталося такое свята , як “Сідзьмога наябра”? Не, Каця, не на Кубе… І не ў Кіргыстане — там яно было адменена ў 2017 (якое азіяцкае падступства!). Правільна, Коля — у самым цэнтры Еўропы, у Беларусі! Сядай, “пяць”! Перадай прывітаньне тату. Дык вось, рабяты, апошняя краіна свету, дзе дзеці нешта чулі пра Леніна, бачылі ягоныя помнікі ды не ведаюць хто гэта такі – Рэспубліка Беларусь. І вы павінны ганарыцца тым, што вы – апошнія на гэтым сьвеце, хто… Што, Коля?? Твой тата казаў, што лепш быць першым на сяле, чым апошнім у гародзе? І правільна казаў, бо сярод самых апошніх быць першаму значна лягчэй. Таму вось мы і апошнія, а ён першы.
Але пакінем пакуль дзяцей і ўрок гісторыі, а вернемся да справаў дарослых. Вось вы кажаце, што ў 1917 быў пераварот. Потым ён стаў рэвалюцыяй, святам і ваенным парадам. А потым зноў перавярнуўся, стаўшы ўсеагульнай бядой, і нарэшце знік, нібы яго й не было. А што ж тады было ў 2020? Ды не ў Петраградзе –Ленінбургу, а ў стольным Мінску! Пераварот ці рэвалюцыя? Ні “зімняга”, ні “летняга” ніхто не браў, нічога не пераварочваў. Ну, хіба пару сметніц ля ўніверсама “Рыга”. Але ніводнаго запарожца ці жыгуля (як у 96-м) нават на бок не паклалі. Дык можа ўсё ж рэвалюцыя? Не дужа вялікая і не сацыялістычная, а жнівеньская, ціхамірная, летне-прагулачная: з парасонамі, кветкамі, шарыкамі, стужкамі і сьцяжкамі. Практычна жаночая. Вы скажаце, што жаночых рэвалюцый не бывае, жаночымі бываюць толькі бунты!? Ну, тады гэта быў бунт, які праз некалькі год мае стаць рэвалюцыяй, а ўжо потым – пераваротам! Лагічна? Вось тады, пэўна, у сваёй труне перавернецца Ленін, а можа быць хто і з больш важных персон. І як тут не перавернешся, калі ўсё ідзе не па-тэорыі, не па-ленінскаму плану. Напрыклад, тое, што адбываецца сёньня, бальшавікі назвалі б “чорнай рэакцыей”, “контррэвалюцыяй” і нават “контррэфармацыяй”. Але ў нас яно завецца народным адзінствам і нацыянальна- дзяржаўным пад’ёмам. Пад’ём і пераварот! Ці наадварот? Пад’ём без пераварота?
Не, таварышы, так не пойдзе, тут нейкая блытаніна і падкоп. Рэвалюцыі, перавароты і любыя перамены – катэгарычна адмяняюцца! Нават словы гэтыя – адкрыты экстрэмізм і пасягацельтва, якое жэстачайшэ будзет наказвацца… па закону!! Закон ўжо пішацца. А як быць са сьвятам? Атныня і на-векі вякоў: дзень 7-га Наябра лічыць Днём Памяці пра Народнае Ядзінства і Вялікай Кастрычніцкай Камуністычнай Рэстаўрацыі. Жыве РБ! Амінь.
Васіль Аўраменка
фото: socrealizm.com.ua