Галоўная » «Катуюць радыё і холадам». Палітзняволеная Наталля Хершэ абвяcціла галадоўку ў магілёўскай турме

«Катуюць радыё і холадам». Палітзняволеная Наталля Хершэ абвяcціла галадоўку ў магілёўскай турме

Зь нядзелі 30 студзеня Натальля Хершэ, якая знаходзіцца ў крытай турме Магілёва, абвясьціла галадоўку. Пра гэта яна паведаміла напярэдадні свайму брату Генадзю.

Умовы, якія створаны для Натальлі Хершэ ў турме, брат называе ня проста ціскам — катаваньнямі:

«Цяпер ў камэры Натальлі з 6 раніцы і да 22 гадзін, да адбою, на максымальную гучнасьць уключаюць беларускае радыё. Яна ўвесь час у камэры, апроч прагулкі на гадзіну, і для яе гэтае радыё невыноснае. Натальля прасіла яго сьцішыць ці выключыць, але не атрымала станоўчага адказу», — расказаў брат.

Палітзьняволеная перадала брату, што пачынае галадоўку.

«Да гэтага часу прэтэнзій ад адміністрацыі турмы да Натальлі не было. Магчыма, ціск зьвязаны з тым, што ў сераду яе наведаў адвакат і яна прасіла яго напісаць некалькі скаргаў. Яна мае вагу 53 кіляграмы, скардзіцца на якасьць харчаваньня — пасьля пераводу з гомельскай калёніі ў турму яно значна пагоршылася. Нават няма гароху, рысу. Купіла ў краме сыр і марскую капусту, захоўвала за акном, каб прадукты не сапсаваліся, і атрымала за гэта вымову», — кажа Генадзь.

Пры пераводзе з гомельскай калёніі ў Натальлі забралі дзёньнік. Яна спрабавала па памяці аднавіць свае запісы, але нават тыя аркушы паперы, якія яна мае, адміністрацыя турмы адмаўляецца прызнаць яе асабістымі рэчамі.

«Таму Натальля хвалюецца, што і гэтыя аркушы паперы ў яе забяруць. Ёй нават не дазволілі купіць сшытак у краме! Яшчэ ў камэры вельмі холадна, Натальля сядзіць у фуфайцы. Пры пераводзе з калёніі ў турму недзе „згубіліся“ ейныя цёплыя боты. Цяпер адміністрацыя турмы кажа, каб яна купіла сабе боты за свае грошы. Яна на прагулкі ходзіць у цёплых шкарпэтках і красоўках», — дадаў брат.

Генадзь пісаў скаргі на імя начальніка турмы. Але атрымаў адказ, што ўмовы ўтрыманьня адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам.

Мае Натальля праблемы зь лістамі — многія проста не аддаюць, яны прападаюць, гаворыць брат са словаў Натальлі.

«І мае лісты да яе, і яе лісты да мяне ня ўсе даходзяць. Сябры пішуць Натальлі, але яна нічога не атрымлівае. Напісаў сябар з ЗША ёй, а атрымала яна толькі пусты канвэрт. Натальля абураная тым, што яе пазбавілі права на карэспандэнцыю», — кажа брат.

Раней ён расказваў, што строгі рэжым працягнецца паўгода ад моманту пераводу Натальлі з гомельскай калёніі. А далей ужо вырашаць, ці будуць яго зьмякчаць. Адмысловая камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні нядаўна пастанавіла, што Натальля не становіцца на шлях выпраўленьня. Наступнае пасяджэньне гэтай камісіі адбудзецца ажно ў лістападзе 2022 году. Там ужо застануцца два месяцы да яе афіцыйнага выхаду.

У канцы верасьня 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве.

azureedge.net