Ад пасады старшыні Крычаўскага райвыканкама адхілены Сяргей Шацкі. Інфармацыю TUT.BY пацвердзілі ў Магілёўскім аблвыканкаме. На гэтым месцы Шацкі прапрацаваў 3,5 месяца. Прычыну адхілення не называюць.
У аблвыканкаме падкрэслілі: Шацкі ад пасады адхілены, але не вызвалены. Прычыну адхілення не называюць.
Абавязкі старшыні Крычаўскага райвыканкама часова выконвае намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ігар Мяцеліца. Паводле яго слоў, новыя абавязкі ён выконвае з 2 красавіка, пасля таго як губернатар Леанід Заяц адхіліў Шацкага ад пасады.
Раней “Магілёўскі рэгіён” ужо пісаў пра Сяргея Шацкага. Нагадаем яго біяграфію.
Сяргей Мікалаевіч Шацкі нарадзіўся ў 1980 годзе ў в. Высокае Аршанскага раёна. З 1997 па 2002 гады вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, пасля заканчэння якой пачаў працоўную дзейнасць у якасці інжынера-рыбавод РВТУП «Віцебскі рыбакомплекс» ў Сенненскім раёне, затым працаваў начальнікам лесапільнага вытворчага ўчастка в. Высокае ПВУП «Кохановадрэў» Аршанскага раёна.
Сяргей ШацкіЗ чэрвеня 2005 года на шэсць гадоў звязаў свой лёс з камунальным унітарным сельскагаспадарчым прадпрыемствам «Цяплічны» Аршанскага раёна, дзе прайшоў шлях ад агранома-брыгадзіра – да кіраўніка сельскагаспадарчым участкам «Дзевіна».
З красавіка па верасень 2011 года Сяргей Мікалаевіч працаваў намеснікам дырэктара па вытворчасці дзяржаўнага прадпрыемства «Межава» Аршанскага раёна. У гэтым жа годзе быў прызначаны на пасаду першага намесніка начальніка ўпраўлення – начальніка аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аршанскага раённага выканаўчага камітэта, дзе працаваў да прызначэння ў Горкі.
26 сакавіка 2018 года Сяргей Шацкі быў прызначаны першым намеснікам старшыні Горацкага райвыканкама. На гэтай пасадзе ён прапрацаваў ўсяго толькі паўтара года, і ўжо ў кастрычніку 2019 года Сяргей Шацкі прыступіў да абавязкаў першага намесніка старшыні Дрыбінскага райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дрыбінскага райвыканкама.
Але і ў Дрыбінскім раёне Сяргей Мікалаевіч надоўга не затрымаўся. Праз усяго два месяцы ён атрымаў новае прызначэнне і стаў працаваць у Крычаве старшынёй райвыканкама. Сяргей Шацкі замяніў на пасадзе Дзмітрыя Бачкова, які так і не змог хоць нейкім чынам “падняць” эканоміку Крычаўскага раёна.
Што паслужыла прычынай адхілення Сяргея Шацкага ад пасады, “МР” паспрабуе высветліць ужо бліжэйшым часам. Эканамічная сітуацыя ў раёне даволі складаная, ёсць значныя праблемы ў развіцці як прамысловасці, так і сельскай гаспадаркі, расце прыхаванае беспрацоўе.
Акрамя іншых праблем, якраз у Крычаве быў зарэгістраваны першы выпадак заражэння каранавіруснай інфэкцыяй на Магілёўшчыне. 33-гадовая жанчыну-медыка шпіталізавалі ў Магілёўскую інфэкцыйную бальніцу.
Пазней высветлілася, што медыкам не хапае неабходных сродкаў абароны ад каранавіруснай інфекцыі. У Крычаўскім раёне адкрылі дабрачынны рахунак для збору грашовых сродкаў на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны і іншых вырабаў медыцынскага прызначэння для УАЗ “Крычаўская цэнтральная бальніца”.
Ірына Беганкіна