На гэтых выходных Кіраўскі раён адзначаў свой 87-й год з дня нараджэння. Сціпла ў клопатах пра адказную для чыноўнікаў палітычную кампанію па прыняццю новай Канстытуцыі праходзіла святкаванне. Фактычна толькі ў раённым Доме культуры адбылося заўважнае мерапрыемства для школьнікаў, якое было прысвечанае важнай гістарычнай даце раёна.
У навіннай стужцы раёна паведамляецца толькі пра мерапрыемства, якое прысвечана ўтварэнню Кіраўскага раёна. У раённым Доме культуры адбылася акцыя для школьнікаў, якую прысвяцілі гэтай даце. На святкаванне запрасілі васьмікласнікаў Сярэдняй школы № 2 імя Кірыла Арлоўскага. Работнікі бібліятэкі зрабілі для дзяцей экскурс у гісторыю раёна, а таксама распавялі пра дзень сённяшні, пра дасягненні раёна і краіны. З дзецьмі было зроблена некалькі прапагандысцкіх пастановачных фотаздымкаў. І вельмі прыемна, што нават на іх бачна, як нацыянальныя нашы коляры прабіваюцца праз любое прапагандысцкае шалупінне.
Кіраўскі раён быў утвораны 12 лютага 1935 года ў адпаведнасці з Пастановай Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета Народных Камісараў БССР. З таго часу, як пафасна пішуць мясцовыя прапагандысты на старонках мясцовай раёнкі, пачаўся “працоўны гераічны летапіс нашага раёна, які пісалі моцныя духам і гатовыя да здзяйсненняў людзі”. І не ўяўляюць мясцовыя ідэолагі, што гераізм павінен быць надзвычайнай выключнай справай, а праца так адлажаная, каб не былі патрэбныя гераічныя намаганні.
Можна колькі заўгодна казаць пра рэальныя і ўяўныя дасягненні раёна і краіны, пра тое, што кіраўцы “упэўнена глядзяць у будучыню і сваёй стваральнай працай уносяць свой уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і краіны”, але так бяздарна ў Год гістарычнай памяці адзначыць Дзень нараджэння раёна – гэта трэба яшчэ здолець.
Мне асабіста спадабаўся толькі важным антываенны пасыл, які прагучаў з вуснаў работнікаў бібліятэкі: “Няхай вечна будзе чыстым небасхіл над Кіраўшчынай – Радзімай каханай!” Ва ўмовах надзвычайных вайсковых вучэнняў Расіі і Беларусі, ваеннага напружання на мяжы Расіі і Украіны ён надзвычай актуальны.
Тася Лемон
фота з адкрытых крыніц