Цяпер у сітуацыі разбіраецца Магілёўскі РАУС, піша mspring.online.
Каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй Бодзілеў паведаміў, што магілёўская міліцыя разглядае пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да эка-актывістаў, якія крытыкуюць прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў».
8 кастрычніка Бодзілева выклікалі ў Магілёўскі РАУС, дзе супрацоўнік аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі апытаў актывіста і азнаёміў яго з матэрыяламі праверкі.
Са слоў Бодзілева, на яго напісалі скаргу каля дзясятка чалавек з ліку адміністрацыі завода. Прамыслоўцы заявілі, што актывіст у складзе групы спрабуе вымагаць у іх хабар.
– Кіраўніцтва завода само ж і падставілася. У скарзе яны напісалі, што я ледзь не патрабую з іх грошай. А потым, калі іх запыталі ўжо ў РАУС, ці патрабаваў я з іх грошы, яны ўсё адказалі адмоўна. Проста спаслаліся на тое, што ў іх ідзе сур’ёзнае будаўніцтва і таму яны хвалююцца, – распавёў Бодилев.
Актывіст лічыць, што падобная скарга закранае яго гонар і годнасць і думае над падачай скаргі ў адказ.
Гэта ўжо ў чацвёрты раз за 2019 год, калі кіраўніцтва «Омск Карбон Магілёў» скардзіцца на каардынатара «За здаровы Магілёў» ў міліцыю. Тры папярэднія скаргі ні да чаго не прывялі – міліцыя адмовілася бачыць у экалагічным актывізме склад правапарушэння.
Ігар Лазоўскі
Крыніца: mspring.online