Беларускія прадпрыемствы робяць усё, каб палепшыць статыстыку няшчасных выпадкаў, кажуць прафсаюзныя актывісты. Аформіць прамысловую траўму як побытавую – класічны спосаб прыхаваць здарэнні на вытворчасці. Аднак часам здараецца тое, што схаваць ужо немагчыма: смерць на працоўным месцы.
Палез рамантаваць станок, а той раптоўна ўключыўся. Няшчасны выпадак адбыўся на заводзе газетнай паперы ў Шклове яшчэ ў красавіку летась. З гэтага часу сваякі памерлага слесара-рамонтніка Віктара Кавалеўскага судзяцца з прадпрыемствам.
«Ён трапіў у велізарную машыну пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. Вось гэта і хочуць прыбраць. Усё робяць так, што нібыта яму нічога ніхто не казаў, ён сам туды палез. Але ж ён не суіцыднік! Ён быў адэкватны чалавек!» – кажа жонка загінулага Ірына Кавалеўская.
Версію кіраўніцтва прадпрыемства аб тым, што адбылося з Кавалеўскім, «Белсату» агучыў галоўны інжынер.
«У яго было два парушэнні галоўныя: па-першае, ён прыступіў да працы ў стане алкагольнага ап’янення, па-другое, ён груба парушыў інструкцыю аховы працы тым, што пачаў працу, не адключыўшы абсталяванне… У наступным годзе збіраўся на пенсію. Маё меркаванне, што людзі ў такім узросце лічаць сабе прафесіяналамі і ўжо не ставяцца да тэхнікі бяспекі як след», – заявіў Генадзь Сяднёў.
Сям’я памерлага з такою пазіцыяй катэгарычна не пагаджаецца.
«Экспертыза па алкаголі выклікае сумневы. Людзі, якія з ім працавалі, кажуць, што ён быў цвярозы. Лекары, які забіралі бацьку, у карце выкліку напісалі: «паху алкаголю няма», – кажа сын загінулага Альберт Кавалеўскі.
Што датычаць парушэнняў тэхнікі бяспекі, то інструктаж нібыта праходзіў кожныя тры месяцы. Аднак падчас разбіральніцтва сваякі заўважылі, што подпісы па інструктажы не супадаюць з подпісам памерлага. Яны нават замовілі незалежную экспертызу, якая даказала, што падпісваў не ён.
«То бок гэта была проста падробка. І нават некаторыя подпісы, па выніках экспертызы, былі зробленыя з перайманнем подпісу бацькі. А гэта ўжо крымінальная адказнасць! Чаму гэтага ніхто не заўважыў? Як гэта адбылося? Гэта пытанні ўжо да праваахоўных органаў», – кажа Альберт Кавалеўскі.
Паводле заключэння Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы, віна ў здарэнні выключна на памерлым. Да адказнасці за зламаны станок прыцягнулі толькі майстра і начальніка ўчастку. І то толькі да адміністратыўнай. Яны атрымалі ўсяго па 460 рублёў штрафу.
«Уся гэтак званая планавая эканоміка і ўсе гэтыя планы для змяншэння няшчасных выпадкаў прыводзяць да таго, што чыноўнікі, дырэктары зацікаўлены ў тым, каб схаваць такія выпадкі, дзеля паляпшэння статыстыкі», – мяркуе Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Днямі адбыўся чарговы суд. Сваякі Віктара Кавалеўскага нават не патрабуюць грашовай кампенсацыі, а проста хочуць давесці: іхны бацька і муж не вінаваты ў сваёй смерці. Пакуль безвынікова.
Міхась Ільін, belsat.eu