Начальнік аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Шклоўскага РАУС Барыс Ганчароў выклікаў да сябе старшыню партыі «Беларускі народны фронт» Рыгора Кастусёва.
Як мяркуецца, міліцыя хоча пакараць палітыка за заклік ці ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня. Кастусёву ужо ўручылі позву, яго чакаюць у РАУС а 10 гадзіны раніцы 10 студзеня.
Раней, 5 студзеня, супрацоўнікі міліцыі ўжо спрабавалі ўручыць позву экс-кандыдату ў прэзідэнты. Калі яны прыйшлі дадому да Кастусёва, той папрасіў растлумачыць, па якой канкрэтнай адміністрацыйнай справе яго выклікаюць, на што сілавікі адказаць не змаглі. Асабіста ўручыць позву ім не ўдалося.
Аднак 7 студзеня палітык знайшоў дакумент аб выкліку ў РАУС ўжо ў сваёй паштовай скрыні.
Рыгор Кастусёў не ведае, з чым менавіта звязаны яго выклік:
– Хутчэй за ўсё, напэўна, гэта ці ўжо паступіў складзены пратакол за ўдзел у мерапрыемствах у абарону незалежнасці ў Менску, ці толькі яшчэ хочуць скласці пратакол. Магчыма, што і нешта іншае, – выказаў меркаванне палітык.
Тым часам, у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія выйшлі ў канцы снежня выказаць сваё меркаванне супраць інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. 11 чалавек атрымалі адміністрацыйныя арышты 5-15 сутак, яшчэ некалькі дзясяткаў – вялікія штрафы.
Алесь Святліцкі, mspring.online