Міжнародны цэнтар кліматычных дасьледаваньняў у Осла рэгіструе рэкорднае зьніжэньне колькасьці парніковых газаў у атмасфэры. Толькі за красавік выкіды CO2 упалі на 17%. Да канца году, паводле прагнозаў навукоўцаў, аб’ём усіх парніковых газаў у атмасфэры можа скараціцца на 7%.
Пра гэта паведамляе сайт Euronews, дадаючы, што ніводная зь міжнародных і ўрадавых праграм не дамагалася такога выніку.
Гэтае зьніжэньне навукоўцы прыпісваюць скарачэньню прамысловай актыўнасьці на Зямлі з прычыны каранавіруснай пандэміі. Зьвесткі пра аб’ём парніковых газаў у атмасфэры былі атрыманыя ад 69 краінаў, якія даюць 97 адсоткаў сусьветных выкідаў і маюць 85 адсоткаў насельніцтва плянэты.
Тым ня менш, гэтае часовае зьніжэньне, паводле эколягаў, не дапаможа вырашыць кліматычныя праблемы плянэты.
«Тэмпэратура вырасла прыкладна на адзін градус у параўнаньні з даіндустрыяльнай эпохай праз выкіды за апошнія 100–200 гадоў. Так што зьніжэньне на працягу аднаго году, хай і вельмі значнае, не паўплывае на агульную карціну. Каб панізіць сярэднюю тэмпэратуру або канцэнтрацыю вуглякіслага газу ў атмасфэры, неабходна скараціць выкіды да нуля», — сказаў Глен Пітэрс зь Міжнароднага цэнтру кліматычных дасьледаваньняў.
Крыніца: Радыё Свабода