Клімавіцкія настаўнікі і работнікі культуры прынялі зварот у падтрымку беларускай мовы. Меркаванай падставай для звароту стала скандальная заява педагога мясцовай ДЮСШ Іны Кардабнёвай. Іна Кардабнёва заявіла ў сваім відэаблогу, што беларуская мова, «жудасная і блытаная», «робіць беларускіх дзяцей яшчэ тупейшымі».
Зварот да грамадскасці Клімаўшчыны змясціла на сваіх старонках раённая газета “Родная ніва”.
“У сённяшнім нашым тлумным свеце з яго бясконцымі праблемамі і перажываннямі, узлётамі і падзеннямі, пагоняй за матэрыяльным дабрабытам мы заўважаем, што асобныя людзі ўсё радзей і радзей згадваюць пра тое, хто яны, да якой нацыі належаць, на якой зямлі жывуць.
А, можа, справа і не ў нацыі, а проста ў тым, што Беларусь — краіна твайго пражывання або краіна, дзе ты маеш магчымасць і жаданне набыць адукацыю, краіна, дзе ты вядзеш свой бізнес, і так далей.
Мы, не маючы благіх намераў некага пакрыўдзіць, хочам сёння звярнуцца да ўсіх жыхароў нашай гордай і мужнай Беларусі і выказаць свае слушныя думкі ў абарону роднай мовы.
Мова народа — гэта твар нацыі, а калі чалавек грэбуе ёй, то ён дзікун. Згодна з прадстаўленнямі ЮНЭСКА, наша мова па мілагучнасці і прывабнасці займае 2-е месца ў свеце пасля італьянскай.
Мы павінны помніць, калі знікае мова, то адразу страчваюцца духоўныя арыенціры, народ перараджаецца, краіна больш не адпавядае сваёй назве, гібее і гіне.
У час, калі мы сталі незалежнай дзяржавай, калі мы маем свае нацыянальныя сімвалы, калі даказалі свету, што наша мова «такая ж людская і панская, як руская ці французская», здаецца, роднай мове толькі квітнець. Ды не. І зараз, на жаль, сустракаюцца людзі, якія абвінавачваюць носьбітаў беларускай мовы, называюць яе «колхозной», «мовай дзеля таго, каб вывучыцца на настаўніка беларускай мовы» ці яшчэ больш недасведчана «рускай, толькі наадварот». А гэта зусім не так!
Беларуская мова — гэта дзяржаўная мова нашай краіны, і гэтую мову павінны ведаць усе іншыя народы, якія жывуць на гэтай зямлі. На вялікі жаль, не ўсе могуць свабодна весці гаворку на ёй, але ж можна, напрыклад, аддана любіць і паважаць яе, удасканальваць свае веды праз зносіны з людзьмі, якія ёй не грэбуюць.
Памятайце: той, хто губляе павагу ў адносінах да мовы, робіць некалькі крокаў назад у агульна чалавечым развіцці. Наша сувязь з Радзімай, з роднай зямлёй — гэта ўсё ідзе праз мову. Вернешся з чужаземнай вандроўкі, пачуеш гаючыя спеўныя словы і адчуеш пад нагамі сваю зямлю: ты дома, дома. Гэта і ёсць духоўная і душэўная залежнасць асобай вартасці да ўсяго, што стала сімвалам і сутнасцю нашай роднай зямлі.
«Даражыць пявучым гукам кожным, як зярняткам чыстым на сяўбе» трэба кожнаму з нас, каб сумленне і душа ачышчалася і не адчувала сябе зганьбаванай.
Памятайце, абражаючы мову, чалавек страчвае многае. Спачатку мяняецца яго псіхіка, характар, натура, паводзіны, прытупляецца, а потым і зусім знікае пачуццё самапавагі, годнасці і адказнасці”.
Падпісаліся пад зваротам суполка настаўнікаў беларускай мовы,
супрацоўнікі ўстаноў культуры, раённая арганізацыя РДГА «Беларускае таварыства «Веды».
Сітуацыя з беларускай мовай у Клімавіцкім раёне сапраўды вельмі складаная, і гэта яшчэ мякка сказана. Мова фактычна “выкінута” з ужытку ў грамадскіх установах, органах мясцовай улады, установах культуры. На старонках той жа “Роднай нівы” родная мова – даволі рэдкі госць, хоць узначальвае газету вядомы беларускі журналіст Нікіфар Мінчанка. Пра што казаць, калі нават у вясковых, фармальна, з беларускай мовай навучання, школах, яе можна пачуць толькі на уроках усё той жа беларускай мовы. Настаўнікі-прадметнікі мовай не валодаюць, альбо валодаюць вельмі дрэнна.
Як кажа ўсё тая ж Іна Кардабнёва, «Усе, хто размаўляў са мной сам-насам, усе былі абсалютна на маім баку і цудоўна разумелі, пра што я кажу. Яны ня бачылі ніякага злачынства ў тым, што я зрабіла. Тут жа ня справа ў словах, якія я казала, а ў сэнсе. Я магу папрасіць прабачэньня толькі за словы, якія я казала. Нават, хутчэй за ўсё, мне самой проста непрыемна, што я казала гэтыя словы. Але сэнс не мяняецца. Ну, выказаўся чалавек і ўсё».
Іна Кардабнёва кажа, што сэнс яе відэа быў такі — навошта патрэбная беларуская мова, калі «мы на ёй не размаўляем, яна нідзе не выкарыстоўваецца, дакумэнты на ёй не запаўняюцца».
Паводле Іны Кардабнёвай, яна ня чуе беларускай мовы, наведваючы «самыя ідэалягічныя месцы: музэі, нарады, бібліятэкі, рэдакцыі».
Магчыма, клімавіцкім чыноўнікам, настаўнікам і работнікам культуры трэба самім паспрабаваць больш выкарыстоўваць родную мову ў паўсядзённым жыцці, тады і не будуць узнікаць падобныя “дзікія” думкі і выказвані. Прывяду словы ўсё той жа Іны Кардабнёвай:
«Мову трэба прапагандаваць, а не абзываць мяне ў камэнтарах, што я ня мела рацыі. І як сёньня мне рабілі заўвагу тыя, хто мяне выклікаў, што я ня мела рацыі, што я абразіла ўвесь народ, усю нацыю і наагул, відаць, падлягаю спаленьню на вогнішчы. Але чаму яны на ёй не гавораць, мне таксама ніхто не патлумачыў».
У Беларусі ёсць прыклады, дзе ў райвыканкамах да роднай мовы ставяцца з вялікай пашанай. На жаль, да Клімавіцкага раёна гэта не адносіцца. Магчыма, таму раён і становіцца ўсё больш правінцыйным, “калгасным” і занядбалым, бо зараз размаўляць па-беларуску – якраз модна, гэта прызнак інтэлігентнаці.
Фота: “Родная ніва”
Віктар Баравікоў