Галоўная » Колькі кандыдатаў партыі вылучылі ў Палату прадстаўнікоў?

Колькі кандыдатаў партыі вылучылі ў Палату прадстаўнікоў?

Belsat.eu высветліў, колькі беларускія партыі (як апазіцыйныя, так і праўладныя) вылучылі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Ілюстрацыйнае фота

Этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў завяршаецца на гэтым тыдні. Паводле заканадаўства, вылучаць кандыдатаў маюць права афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. На дадзены момант афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі маюць 15 палітычных партыяў.

Апазіцыйныя партыі і рухі

Амаль усе апазіцыянеры кажуць, што выбараў у Беларусі няма, аднак кампанію трэба выкарыстаць для працы з людзьмі і папулярызацыі сваіх ідэяў.

Аб’яднаная грамадзянская партыя на з’ездзе, што адбыўся 29 верасня, вылучыла ў дэпутаты 61 чалавека. Ад АГП у тым ліку пойдзе на выбары яе лідар Мікалай Казлоў, блогеры Аляксандр Кабанаў і Мікалай Маслоўскі, актывіст з Гомля Уладзімір Няпомняшчых ды інш.


Партыя БНФ

вылучыла кандыдатамі ў дэпутаты 50 чалавек. Сярод іх – старшыня партыі Рыгор Кастусёў, актывісты Вольга Дамаскіна, Ілля Дабратвор, Юрый Меляшкевіч, Алена Талстая, Зміцер Каспяровіч, Максім Вінярскі, Вольга Нікалайчык (апошнія два таксама з’яўляюцца сябрамі «Еўрапейскай Беларусі).

 

Рух «За свабоду»

, хоць і не з’яўляецца партыяй, але таксама мае права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. На выбары ад грамадскага аб’яднання пойдзе 55 чалавек, але поўны спіс Рух не публікуе. Сярод тых, хто сёлета балатуецца ад Руху «За свабоду» – Юрась Губарэвіч, Алесь Міхалевіч, Віктар Янчурэвіч, Раман Кісляк і іншыя. Варта ўлічваць, што спіс кандыдатаў ад Руху часткова дублюецца кандыдатамі, напрыклад, ад партыі БНФ.

 

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

вылучае 50 кандыдатаў у дэпутаты. У тым ліку на выборы пойдзе старшыня партыі Ігар Барысаў і экс-старшыня Ірына Вештард.

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» на з’ездзе 28 верасня вылучыла 37 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод вылучэнцаў – намеснік старшыні партыі Сяргей Ухналёў.

Партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, ганаровым старшынёй якой з’яўляецца Станіслаў Шушкевіч, вылучыла 24 кандыдата ў дэпутаты. Сярод іх – галоўны рэдактар «БелГазеты» Кірыл Жываловіч.

Беларуская партыя «Зяленыя» вылучыла 9 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Як і іншыя апазіцыйныя партыі, «Зяленыя» упэўнены, што выбараў у Беларусі няма, а парламенцкую кампанію ўспрымаюць выключна як інфармацыйную. Галоўныя тэмы: абарона незалежнасці Беларусі, недапушчальнасць запуску БелАЭС і пераход краіны на ўзнаўляльную энергетыку.

Кансерватыўна-хрысціянская партыя-БНФ традыцыйна байкатуе выбарчыя кампаніі ў Беларусі.

 

Праўладныя партыі

Беларуская патрыятычная партыя, лідарам якой з’яўлецца Мікалай Улаховіч, вылучыла 18 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх тры дзейных дэпутата Палаты прадстаўнікоў – Леанід Брыч, Таццяна Сайганава і сам Улаховіч. Цікава, што раней Улаховіч абяцаў вылучыць сёлета ад партыі не менш за 90 кандыдатаў.

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) на з’ездзе 21 верасня вылучыла 50 кандыдатаў у дэпутаты.

Сярод іх – кіраўнік жлобінскіх прафсаюзаў Алег Касценка, дырэктар Буда-Кашалёўскага дзяржаўнага агратэхнічнага каледжу Яўген Некрашэвіч і актывістка прарасейскага руху «Грамадзянская згода» Эльвіра Мірсалімава. Мірсалімава сёлета адзначылася шэрагам скандальных заяваў: заклікала паставіць у Беларусі помнік Сталіну, сцвярджала, што нацыянальная ідэя беларусаў у тым, што яны – расейцы. Праз збор подпісаў таксама вылучаецца дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра РППС Жанна Статыўка.

Ліберальна-дэмакратычная партыя, як раней і абяцала, вылучыла 110 кандыдатаў у дэпутаты – то бок партыя мае па кандыдату на кожную выбарчую акругу. На выбары ў тым ліку ідзе лідар ЛДП Алег Гайдукевіч.

Камуністычная партыя Беларусі

вылучыла 60 кандыдатаў у дэпутаты на з’ездзе 14 верасня. Сярод іх – першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму Сяргей Сыранкоў, дырэктар Магілёўскага гандлёвага каледжу Людміла Ільінская, дырэктар менскай СШ № 169 Алена Казлоўская, кіраўніца бярэзінскіх прафсаюзаў Алена Токан ды інш.

У выбарах прымуць удзел 7 прадстаўнікоў Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Згода. Аднак, як распавёў belsat.eu старшыня партыі Сяргей Ермак, усё яны будуць вылучацца праз збор подпісаў і толькі па Гомельскай вобласці.

«Яны вылучаюцца не ад партыі, а шляхам збору подпісаў. Чаму не ад партыі? Калі яны хочуць быць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, няхай пройдуць хаця б гэты фармат», – адзначыў Ермак.

Рэспубліканская партыя вылучыла 11 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Нічога не вядома пра вылучэнне кандыдатаў ад Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі і Беларускай аграрнай партыі. Абодве партыі не маюць ані старонак у сацсетках, ані дзейных сайтаў. Па кантактных нумарах партыяў ніхто не адказвае.