У Магілёве адбылася падмена гісторыка-культурнай каштоўнасці? Раней пад аховай дзяржавы знаходзіліся тры карпусы магілёўскай гарадской бальніцы. Зараз – два корпуса і агароджа. А што з трэцім корпусам? Спрабуем разабрацца.
У бягучым годзе рэалізуецца будаўніцтва медыцынскага корпуса экстрэннай хірургіі ў комплексе Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Падчас правядзення падрыхтоўчых работ, як мы ўжо раней пісалі, адбываецца метадычнае руйнаванне карпусоў бальніцы, пабудаваных яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Фармальная адгаворка пры гэтым хаваецца за звыклай фармуліроўкай, што гэтыя будынкі не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, гэта значыць – яны не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і не знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
Але, давайце разбярэмся, што з аб’ектаў гарадской бальніцы насамрэч з’яўляецца помнікам. Пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці “Комплекс будынкаў гарадской бальніцы, вул. Боткіна, 2”, які ёсць у распараджэнні рэдакцыі, даволі адназначна характаразуе помнік як комплекс з трох карпусоў:
“Тры мураваныя карпусы сіметрычна размешчаны вакол азяляненнага курданёра. 2 бакавыя трохпавярховыя Е-падобныя ў плане будынкі галоўнымі прадаўгаватымі фасадамі арыентаваны на лінію забудовы вуліцы. Па цэнтры іх — неглыбокія рызаліты з галоўнымі ўваходамі. Вокны прамавугольныя з ліштвамі, прасценкі рызалітаў руставаныя. Двухпавярховы П-падобны ў плане корпус галоўным прадаўгаватым фасадам арыентаваны на курданёр, сцены яго фасадаў прарэзаны прамавугольнымі вокнамі.”
На гэтым здымку са спадарожніка сінімі рамкамі выдзеленыя два трохпавярховыя карпусы. Чырвонай – двухпавярховы, П-падобны ў плане корпус. Усе тры будынка, як і наогул увесь комплекс горбальніцы мае адзін адрас – вуліца Боткіна, 2.
Але паглядзіце, якая дзіўная трансфармацыя адбылася ў дэталізаваным апісанні помніка на сайце Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пад шыфрам 513Г000010 у Спіс занесены комплекс будынкаў гарадской бальніцы, цяпер ужо – з цаглянай агароджай. І з удакладненнем, што ў склад комплекса ўваходзяць два будынкі і агароджа. Адзначым, што раней Дзяржаўны спіс не ўтрымліваў гэтага ўдакладнення, а рэальны склад комплекснай каштоўнасці рэгістраваўся толькі ў пашпарце помніка.
Такія раптоўныя змены ў складзе гісторыка-культурнай каштоўнасці, што адбыліся падчас рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы на 2021 год у горадзе Магілёве, сведчаць пра маніпуляцыі з складам комплекснага помніка, калі карыстаючыся аднолькавай нумарацыяй, адсутнасцю дэталізацыі ў ранейшых рэдакцыях Дзяржаўнага спіса, адзін з карпусоў горбальніцы быў проста выкінуты са Спіса, а на яго месца ўключана агароджа. Нельга ж, каб колькасць аб’ектаў мянялася.
І цяпер мы бачым на планах распачатага будаўніцтва на месцы двухпавярховага будынка, з якога так элегантна скінулі ахоўны статус, новы сучасны корпус экстрэннай хірургіі.