Галоўная » Краіны ЕС пачалі збор доказаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Краіны ЕС пачалі збор доказаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Краіны Еўропы 24 сакавіка запусцілі механізм для збору і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі — катаванняў, сексуальнага гвалту, выкраданняў і забойстваў. Як паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай, гэта адбылося пры падтрымцы Даніі, Германіі ды Вялікабрытаніі.

Гэтыя звесткі могуць быць выкарыстаныя для пачатку і расследавання крымінальных спраў і пераследу вінаватых у злачынствах.

“Платформа не заменіць механізм ААН, але будзе працаваць у яго падтрымку. Калі пацярпелы жыве ў Беларусі, ён павінен звязацца з адной з беларускіх або міжнародных арганізацый у рамках Платформы і даць інфармацыю”, — адзначае прэс-служба.

Кіраваць платформай будзе медыцынскі дырэктар Dignity Енс Модвіг. У кіраўніцтва ўвойдуць прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Вясна” (зачыненай беларускімі ўладамі), Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі і Лонданскай праваабарончай арганізацыі Redress.

Дарэчы, у рамках міжнароднай юрысдыкцыі Літва пачала расследаванне справы Максіма Харошына — уладальніка кветкавай крамы, якога ў Мінску жорстка збілі сілавікі. Таксама паведамлялася, што рыхтуюцца да разгляду і іншыя падобныя інцыдэнты.

Крыніца: euroradio.fm