У розных кутках нашай Бацькаўшчыны нямала людзей, якім неабыякава мінулае сваёй малой радзімы. Краязнаўцы з ініцыятывы “Крывічаў”, якая ставіць сваёй мэтай захаванне і папулярызацыю гісторыі Крычаўшчыны як багатага края на падзеі мінулага, працуюць над выданнем кнігі-альбома старых фотаздымкаў, у якой будуць сабраны фатаграфіі дарэвалюцыйнага і даваеннага Крычава, а таксама сучасны від тых месцаў і аб’ектаў, якія былі выяўлены на старых здымках. Праект будзе паказваць архітэктурныя збудаванні, якія не захаваліся да сённяшняга часу, а таксама адлюстроўваць змены ў гарадскім асяродку і аблічча Крычава. Акрамя таго плануецца выданне паштовак з выявамі горада рознага часу, што дазволіць папулярызаваць мінулае і сучаснаць Крычава сярод мясцовага насельніцтва.
Мэтамі гэтага праекта крычаўскія краязнаўцы бачаць актуалізацыю гісторыі Крычава, папулярызацыю старой фатаграфіі і захаванне памяці пра будынкі гарадской забудовы, якія зніклі ў віхуры часу. Вынікам рэалізацыі праекта стане не проста выданне кнігі-альбома старых фотаздымкаў Крычава, аднак і асобны сайт, дзе ўсе аматары гісторыі змогуць азнаёміцца з кнігай у электронным варыянце. На інтэрнет-рэсурсе гэтаксама будзе размешчана інфармацыя, якая раскажа пра з’яўленне і рэалізацыю задумкі, для таго каб падштурхнуць краязнаўцаў іншых гарадоў да ініцыявання праектаў падобнага кшталту.
Напрыканцы трэба заўважыць, што кніга-альбом і паштоўкі Крычава рознага часу ўжо гатовы і знаходзяцца ў друку, а сайт краязнаўчага праекта на цяперашні момант у сваёй фінальнай стадыі распрацоўкі. Такім чынам, хутка ўсе аматары гісторыі змогуць наведаць электронны рэсурс ініцыятывы, а жыхары Крычаўшчыны патрымаць у руках новае краязнаўчае выданне.
Kryčaveć