Галоўная » Краснаполле: буйны гандлёва-рамесны цэнтр усходняй Магілёўшчыны ў сярэдзіне 19 стагоддзя, але адсталы раённы цэнтр Магілёўскай вобласці ў 21 стагоддзі

Краснаполле: буйны гандлёва-рамесны цэнтр усходняй Магілёўшчыны ў сярэдзіне 19 стагоддзя, але адсталы раённы цэнтр Магілёўскай вобласці ў 21 стагоддзі

Краснаполле – даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны, адміністрацыйны цэнтр Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Заснаванне мястэчка гісторыкі адносяць да пачатку 18 стагоддзя, а менавіта да 1708 года. Ужо к 1846 году мястэчка Краснаполле было вядома як буйны гандлёва-рамесны цэнтр ўсходняй Магілёўшчыны, куды з’язджаліся не толькі мясцовыя, але і расійскія і ўкраінскія купцы, асабліва ў дні кірмашоў. У другой палове 19-га стагоддзя Краснаполле ўваходзіла ў склад Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні і належала Бенкендорфам. Тут знаходзіліся народнае вучылішча, аптэка, сельская бальніца на 20 месцаў, тры скураныя майстэрні і броварня, 3 гарбарных і 9 маслабойных заводаў, вадзяны млын. На 1890 год у мястэчку было 412 будынкаў, штогод праводзілася чатыры кірмашы. Па дадзеных усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года мястэчка Краснаполле налічвала больш за 3 тысячы жыхароў, аднак у асноўным гэта было яўрэйскае насельніцтва. У 1905 годзе на тэрыторыі Краснапольшчыны было 20 фальваркаў, 10 маёнткаў, 17 буйных хутарскіх гаспадарак.

У пачатку 20 стагоддзя ўладальнікам маёнтка ў вёсцы Выдранка Е. І. Бараноўскім была створана адна з найбуйнейшых бібліятэк не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе, якая налічвала каля 10 тысяч рэдкіх кніжных выданняў.

У 2018 годзе ў Краснаполлі зафіксавана было 5,7 тысяч чалавек. Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці практычна зніклі ў раённым цэнтры за апошніх дзесяць гадоў і людзі згубілі нямалую колькасць працоўных месцаў, а частка з жыхароў мястэчка з’ехала ў іншыя гарады. Адукацыйны працэс у мястэчку здзяйсняюць дзве сярэдніх і музычная школа. Мэдыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе местачковая лякарня. Культурна ўзбагаціцца можна ў мясцовым цэнтры культуры, дзвух бібліятэках. Асобнае месца займае ўстанова культуры Краснапольскі гісторыка-этнаграфічны музей, асноўны фонд якога налічвае 3049 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 375 адзінак. Агульная плошча экспазіцыі 222 м². Найбольш значныя калекцыі: нумізматыкі, фалерыстыкі, зброі, фотаздымкаў, ручнікоў, народнага адзення.

Спыніцца вандроўніку ў мястэчку можна ў гасцініцы «Краснаполле», якая дастаткова дарагая па цэнах (35-45 рублёў за суткі за аднамесны нумар) для простых беларусаў, пры дастаткова сціплых умовах.

Вось і атрымоўваецца, што  напачатку ХХ стагоддзя, Краснаполле прыцягвала ўвагу вакольнага насельніцтва, будучы заўважным гандлёвым цэнтрам, які імкліва развіваўся.  Сёння Краснаполле з’яўляецца глухой правінцыяй, з якой актыўна з’язджаюць людзі. Краснаполле прыцягвае вельмі мала ўвагі, хаця гісторыя мястэчка і народныя традыцыі вёсак Краснапольскага раёна дастаткова багатыя.

А.Крыжэвіч

фото: fotobel.by