Краснаполле — гарадскі пасёлак, адміністратыўны цэнтр Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці, які размешчаны ў 120 км на паўднёвы-ўсход ад Магілёва і ў 52 кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Камунары. Яшчэ адносна нядаўна ў пасёлку былі размешчаны камбінат будматэрыялаў і апрацоўкі ільну, масларобны і агароднінасушыльны заводы, а таксама хлебазавод, аднак іх дзейнасць была спынена з прычыны нерэнтабельнасці. Толькі можна ўявіць, што раён не выпускае свайго хлеба і яго завозяць з суседніх раёнаў. На сайце райвыканкама белым па чорнаму напісана: “В Краснопольском районе осуществляет производственно-хозяйственную деятельность одна промышленная организация – Краснопольское унитарное производственное коммунальное предприятие «Жилкоммунхоз». Яшчэ не паспелі разваліць толькі дзяржаўнае лесагаспадарчае прадпрыемства «Краснапольскі лясгас». Такім чынам, прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці практычна зніклі ў раённым цэнтры за апошніх дзесяць гадоў і людзі згубілі нямалую колькасць працоўных месцаў….
Гэтыя працэсы адлюстраваны і ў колькасці насельніцтва, якое з кожным годам няўмольна скарачаецца, а Краснаполле з мястэчка можа ператварыцца ў сельскі пасёлак з колькасцю жыхароў менш за 5 ці нават 4 тысяч. Для параўнання прывядзем звесткі аб колькасці жыхароў на 2016 год, якіх было ў мястэчку 6319 чалавек і 2018 год, калі было зафіксавана 5757 чалавек. Гарадскі пасёлак Краснаполле пяты з канца спіса раённых цэнтраў Беларусі, па колькасці насельніцтва ў рэспубліцы, але ўзначальвае найменш населены раён краіны, які сур’ёзна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Больш за тое, Краснапольскі раён аддалены ад ўсіх транзітных трас і чыгуначных дарог, а таксама не мае развітой прамысловасці. Ці ёсць хоць якая-небудзь надзея на развіццё гэтага пакутнага краю?
Алесь Крыжэвіч
.