У адным з папярэдніх матэрыялаў “Магілёўскі рэгіён” распавядаў пра тое, што ў Краснаполлі захаваўся не толькі помніка Леніна, але і герб БССР на будынку мясцовага райвыканкама.
Але, як аказалася, гэта яшчэ не ўся бяда райцэнтра. На будынку сённяшняй “Белпошты” знаходзіцца шыльда, якая ўсталявана з нагоды 200-годдзя з часу нараджэння Аляксандра Пушкіна. Гэта круглая дата адбылася яшчэ ў 1999 годзе, калі і была ўсталявана шыльда на будынку пошты. Натуральным чынам класік рускай літаратуры не мае ніякага дачынення да Краснаполля, нават гіпатэтычнага. Шыльда з таго часу знаходзіцца на будынку Белпошты і гэты факт не можа не здзіўляць.
Ствараюць ўражанні і малыя архітэктурныя формы, якія перыядычна сустракаюцца ў паўднёвым мястэчку Магілёўшчыны. Сярод іх, напрыклад, драўляная гармата, на якой размяшчаецца выява герба райцэнтра з афіцыйным годам заснавання паселішча – 1707. Гармата (а на ёй і дата) адсылае нас да часоў Паўночнай вайны, бо адно з тлумачэнняў назвы мястэчка Краснаполля ад «Краснае поле» — месца кровапралітнай бітвы войскаў Пятра І са шведамі. Менавіта гэта тлумачэнне назвы райцэнтра, верагодна, больш адпавядае менталітэту грамадзян, частка якіх (у тым ліку і чыноўнікаў) арыентавана на Расію.
Такім чынам, Краснаполле выглядае паселішчам з ментальным вінегрэтам, дзе пераплятаецца савецкасць, прыхільнасць да рускай культуры і ўсходняга суседа, а таксама мясцовыя традыцыі і тутэйшы культурніцкі пласт.
Алесь Крыжэвіч