Краснаполле — мястэчка ў вярхоўі ракі Тур’і і правабярэжжа Маластоўкі, даўняе паселішча гістарычнага Панізоўя. Цяпер Краснаполле з’яўляецца вузлом аўтамабільных дарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск і Прапойск.
Першыя звесткі аб узнікненні гандлёва-рамеснага паселішча на месцы сённяшняга раённага цэнтра на падставе археалагічных дадзеных адносяцца да пачатку ХVІII стагоддзя. Існуюць звесткі, што ў 1708 годзе расійскі фельдмаршал Меншыкаў набыў маёнтак Краснапольскі ў Мсціслаўскім ваяводстве. Паходжанне назвы Краснаполле адпаведна звязваецца з “Красным полем” – месцам бітвы Пятра І са шведамі ў Паўночнай вайне. Нездарма ў розных частак мястэчка на сёння можна пабачыць драўляныя гарматы з выявай сучаснага герба Краснаполля. На сайце мясцовага райвыканкама гісторыя горада адлічваецца з 1707 года. Прычым на афіцыйнай сімволіцы Краснаполля і Краснапольскага раёна, што была зацверджана ў 2005 годзе, ёсць выява збана як адлюстраванне рамеснага характару паселішча.
Аднак папярэдніцай сучаснага Краснаполля была аднайменная слабада ў Засожаўскай воласці Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства. Першы пісьмовы ўспамін пра яе датуецца 1741 годам. Калі адлічваць час заснавання менавіта ад гэтай даты, то атрымоўваецца што сёлета мястэчка мусіць адзначыць 280 год. Аднак якую дату браць за заснаванне паселішча? Варта адзначыць, што ў пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца таксама пад назвай Маластоўка па найменню рэчкі. Якая назва сапраўдная і аўтэнтычная? І ці не тлумачыцца тапонім “Краснае поле” як месца, якое багатае чырвонай гліны?
Пытанняў па мінуўшчыне радзімы адыёзнага дэпутата і гісторыка Ігара Марзалюка шмат, аднак адказваць на іх трэба будзе ў далейшым сапраўдным гісторыкам і даследчыкам, а не дзяржаўным прапагандыстам…
Хведар Прылёпаўскі