Галоўная » Крычаў: 90-годдзе атрымання статуса горада

Крычаў: 90-годдзе атрымання статуса горада

Крычаў – буйны чыгуначны і транспартны вузел Магілёўскай вобласці, горад са старадаўняй гісторыяй, у мінулым буйны прамысловы цэнтр, які апошнім часам губляе свой індустрыяльны патэнцыял.

Тым не менш сёння цяжка ўявіць, што сярэдні па колькасці насельніцтва Крычаў 90 год таму быў невялікім паселішчам са статусам мястэчка. У 1920-х гг. Крычаў з’яўляўся менавіта такім паселішчам з колькасцю насельніцтва 5,5 тысяч чалавек. У 1924 годзе Крычаў стаў цэнтрам раёну Калінінскай, з 1927 году Магілёўскай акругі, аднак з’яўляўся досыць глухой правінцыяй. У 1930-х гг. Крычаў пачаў актыўна развівацца як прамысловы цэнтр усхода Магілёўшчыны. Тут збудавалі ЦЭЦ, цэментны, фасфарытавы, крэйдавы заводы, льнозавод. Гэтаксама ўтвараецца “Сожбуд”, які займаўся эксплуатацыяй ракі. Але самай значнай падзеяй, натуральна, стала будаўніцтва першага беларускага цэментнага завода, якое было завершана ў 1933 гозе.

Калі яшчэ дадаць тое, што з 1923 года ў Крычаве ўтварыўся чыгуначны вузел на лініі Орша – Унеча, то паселішча становіцца даволі значным. Змены ў развіцці Крычава адлюстраваліся і на яго статусе – паселішча атрымала статус горада ў 1931 годзе.

Развіццё прамысловасці адлюстроўваецца і на прытоку насельніцтва. Да канца 1930-х гг. насельніцтва павялічваецца ў два з паловай разы і жыхароў Крычава ўзрастае да 16 тысяч. І ўсё гэта ў даваенны час. Новы статус Крычава і рост насельніцтва адпаведна патрабаваў уласнай гарадской прэсы, якая пачала выходзіць з 1 студзеня 1931 года пад назвай “Сацыялістычны шлях”. Дарэчы, мясцовая “раёнка” пачынае сваю гісторыю менавіта ад гэтай падзеі. Да пачатку савецка-нямецкага ваеннага канфлікту, Крычаў становіцца буйным прамысловым і транспартным паселішчам з пэўнай перспектывай ў будучыні.

Аднак гэту перспектыку парушыць вайна і акупацыя горада нямецкімі войскамі, калі загіне шмат цывільнага (асабліва жыдоўскага) насельніцтва, а на тэрыторыі цэментнага завода гітлераўскімі войскамі будзе ўтвораны лагер смерці. Тым не менш рэзкі скачок прамысловага развіцця і павелічэнне насельніцтва Крычава ў даваенны час будзе ў будучыні цікавай тэмай для міждысцыплінарнага даследвання навукоўцамі розных гуманітарных галінаў і гісторыкаў з краязнаўцамі.

Алесь Крыжэвіч