Гарадская тапаніміка Крычава перанасычана савецкімі найменнямі вуліц, шмат якіх маюць патранімічнае паходжанне.
Шмат імёнаў розных савецкіх дзеячоў наогул не звязана з гісторыяй горада і яго развіццём. Напрыклад, як звязаць бальшавіка Катоўскага і гістарычныя падзеі ў Крычаве ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя? Або якім чынам звязваюцца лідар камуністаў Германіі Тэльман і знакаміты дзеяч балгарскага камуністычнага руху Дзімітраў з гісторыяй горада?
Абсурда ў назвах даволі шмат і ён, на вялікі жаль, не спыняецца на сённяшнім этапе развіцця горада. У 2010-х гг. у гарадскім тапаніміконе з’явілася возера Маладзёжнае Вадаём, які на сённяшні дзень так называецца, быў створаны шляхам затаплення кар’ера. Максімальная глыбіня вадаёма складае 57 метраў. У вадаёме забаронена купацца з-за вялікай глыбіні. Хаця блізкасць рязмяшчэння аўтамабільнай дарогі і былога цэментна-шыфернага камбіната таксама ўплывае на небяспеку купання. Цікава, што ў 1970 годзе кар’ер быў выкарыстаны як здымачная пляцоўка фільма “Магіла льва”. Аднак у чым логіка называць былы кар’ер такой назвай? Сапраўды, альтанкі, размешчаныя на беразе возера-кар’ера прыцягваюць моладзь у цёплы перыяд часу. Але хіба гэта нагода каб назваць былы кар’ер-возера Маладзёжным? Існуюць шэраг варыянтаў каб даць найменне гэтаму вадаёму больш рэалістычнае чымся цяперашняе. А лепш пакінуць назву “кар’ер”, бо гэта будзе адлюстроўваць рэальную сутнасць воднага аб’екта.
Між іншым назва кар’ера-возера вельмі падобнае на тыя найменні, якія даваліся вуліцам у савецкі час, кашталту Каштанавая, Сонечная, Юбілейная і г.д. Дарэчы, вуліцы з такімі назвамі ў горадзе таксама прысутнічаюць.
Чарговую экстравагантную назву вырашылі прыдумаць у частцы горада пад народнай назвай “Мікра”. Доўгі час прамая вуліца ад былой школы №6 да цэнтральнай вуліцы Камсамольскай ніяк не называлася. Аднак калі пабудавалі новую школу, пасля абрушэння былога будынка навучальнай установы, з’явілася патрэба даць найменне невялікай вуліцы. Магчыма паслужыла матывацыяй высокі ўзровень забеспячэння навучальнай установы (сённяшняй СШ №8), хаця гэта можа быць проста валюнтарызм мясцовых чыноўкікаў. Тым не менш сярод гарадскіх назваў вуліц з’явілася новае найменне – вуліца Мікрараён Камсамольскі. Цяпер такая назва вуліцы прапісваецца ў газетах і пазначаецца на розных аб’явах ў перыядычнай прэсе і ў віртуальнай-інтэрнэт прасторы. Ці была патрэба прыдумваць новую назву вуліцы? Натуральна, што патрэбы такой не было, а калі і ствараць, то даць ёй больш мілагучную назву. Нават вуліца Маладзёжная, дарэчы, гучала б куды больш прыемна для вуха, хаця і не адлюстроўвала б усёй сутнасці месца.
Алесь Крыжэвіч