Зусім нядаўна гармата Д-44 з’явілася каля абеліска, які прысвечаны абаронцам Крычава падчас нямецкай акупацыі горада. Гэты абеліск знаходзіцца недалёка ад маста праз Сож, які актыўна абаранялі савецкія жаўнеры летам 1941 годзе.
Абеліск з’яўляецца дастаткова адметным аб’ектам ва ўшанаванні памяці жаўнераў, што абаранялі горад. Аднак мясцовым ідэолагам для папулярызацыі страшнай вайны падалося гэтага мала і яны вырашылі дадаць да абеліска яшчэ 85-мілеметровую гармату Д-44, якая была распрацавана ў 1944 годзе, а масава ва ўзбраенне савецкага войска ўвайшла толькі ў 1946 годзе. Натуральна, такая тэхніка не ўдзельнічала ў абароне горада.
Нагадаем, што аналагічная гармата была пастаўлена перад будынкам чыгуначнага вакзала Крычава ў 2015 г. з нагоды 70-годдзя “победы советского народа над немецко-фашистскими захватчиками». З’яўленне гарматы каля абеліска, – гэта адзін з учынкаў мясцовых ідэолагаў і чыноўнікаў у межах т.зв. “патрыятычнага выхавання”.
Верагодна ў далейшым на раённым узроўні каля абеліску адбудуцца пэўныя мерапрыемствы, дзе актыў ідэолагаў, мясцовага БРСМ і актыўных членаў ветэранскага аб’яднання будуць адзін адному расказваць пра гераізм ваенных часоў.
Алесь Крыжэвіч