Адкрыццё сярэдняй школы №8 з найноўшым кампутарным інтэрактыўным абсталяваннем і развітай спартыўнай інфраструктурай стала гучнай падзеяй для Крычава. Прычым гамонка пра новую навучальную ўстанову, якая так бы мовіць узброеная па апошняму слову тэхнікі, не сцігае дагэтуль, а афіцыйным сродкі масавай інфармацыі часта звяртаюцца да поспехаў новай навучальнай установы.
Але ж за гэтай падзеяй неяк абсалютна незаўважным засталася ліквідацыя дзяржаўнай установы адукацыі – “Магілёўскі абласны ліцэй № 4 г. Крычава”. Прычым пра гэта не было сказана ніводнага слова: ні канстатацыі факта, а тым больш шкадавання. Усё прайшло настолькі ціха, што нібыта навучальнай установы і не існавала. Месціўся абласны ліцэй па вуліцы Савецкай, 102 і ўключаў у сябе двухпавярховы вучэбны корпус, а таксама пяціпавярховы інтэрнат для іншагародніх навучэнцаў. З’явілася навучальная ўстанова ў 1996 годзе, хоць навучальны комплекс быў пабудаваны яшчэ ў 1970-м годзе. Аднак да гэтага часу тут размяшчалася мясцовая ПТВ-112 (прафесіянальна-тэхнічная вучэльня), пра што нагадвае аўтадром – асобна агароджаная тэрыторыя ад вучэбнага корпуса. Якраз з моманту заснавання да першай паловы 2000-х гг. з’яўляецца часам росвіту навучальнай установы, калі самыя моцныя навучэнцы наведвалі менавіта абласны ліцэй г. Крычава. Вучні ліцэя паказывалі вельмі высокія вынікі па розных дысцыплінах. Высокі ўзровень ведаў вучняў быў з-за таго, што школьнікі паступалі ў ліцэй на конкурснай аснове, пагэтаму вучыліся ў ёй тыя, хто лепш здаваў уступныя іспыты. Больш за тое, вучні прыязджалі з розных раёнаў і школ, што стварала сярод жадаючых паступіць у ліцэй сур’ёзную канкурэнцыю і адпаведна натуральным чынам стваралася высокая планка ведаў.
Абласны ліцэй Крычава быў самай моцнай установай у горадзе па падбору настаўніцкіх кадраў і вынікаў, якія паказвалі вучні на алімпіядах і конкурсах. Варта прыгадаць імёны настаўнікаў, што падрыхтоўвалі вучняў ліцэя, якія займалі высокія месцы на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах: Сяргей Крыжэвіч, Ігар Гічоў, Ніна Котава, Тюркіна Наталья, Вараб’ёва Таццяна і інш. На вялікі жаль з цягам часу ўзровень вучняў стаў падаць, а ліцэй перастаў быць непераможным канкурэнтам у навучальным працэсе, скарацілася фінансаванне. Пэўныя вынікі ўстанова паказвала і ў другой палове 2000-х, аднак у гэтыя часы ёй практычна не саступала тагачасная Гімназія №6. Апошнія ж гады абласны ліцэй знаходзіўся ў закаце сваёй слаўнай гісторыі.
Важна заўважыць, што практычна заўсёды дырэктарам абласнога ліцэя Крычава быў Міхайлаў Міхаіл Мікалаевіч. Ён характарызаваўся з боку супрацоўнікаў навучальнай установы часта з негатыўнага боку і быў перадусім чыноўнікам, які не цураўся сумнеўных учынкаў, не надта заахвочваў іншадумства, нязгодных са сваім стылем кіравання імкнуўся звольніць. Класіка, як кажуць. Відавочна, што менавіта яму варта адрасаваць шэраг пытанняў, якія тычацца зніжэння ўзроўню ліцэя і ўрэшце яго поўнай ліквідацыі. Апошні год ліцэям кіравала Вашчанка Анжэла Уладзіміраўна, аднак яна фактычна прыйшла тады, калі тэндэнцыя на знішчэнне была ўжо закладзена папярэднім кіраўніком. Ёй дасталася ўжо бясслаўная ўстанова з кучай праблем і пры ўсім жаданні нешта зрабіць, каб захаваць установу, памылкі папярэдняга кіраўніка было практычна немагчыма выправіць. Ва ўстановы нават з’явіўся невялічкі youtube-канал з трыма дзясяткамі падпісчыкаў, аднак творчыя праекты і крэатыў новага дырэктара не выратавала ўстанову ад ліквідацыі. Апошні дзень працы ліцэя прыпай на 31 ліпеня 2019 года.
Прычым чуткі пра закрыццё навучальнай установы яшчэ былі на пару год раней за рэальнае закрыццё. Аднак гэтае пытанне вырашалася на ўзроўні абласнога аддзела адукацыі пры некаторым удзеле кіраўніцтва ліцэя ў Крычаве. Урэшце рэшт у 2018 годзе было прынята рашэнне аб ліквідацыі навучальнай установы, пагэтаму навучальны год 2018/2019 стаў апошнім. Нездарма у суполцы ліцэя у сацыяльнай сетцы ў VK у кастрычніку 2018 года змешчана наступная навіна: “Могилевский областной лицей №4 г. Кричев” решено расформировать. Приплыли, товарищи!”. Цікава, што суполка ліцэя “Вконтакте” дагэтуль існуе і налічвае 700 чалавек, а працытаваная навіна ў ёй з’яўляецца апошняй. Ёсць і іншая суполка ў гэтай сацыяльнай сетцы – WE LOVE LYCEUM (МОЛ №4 г. Кричева), якая налічвае 475 чалавек і яшчэ дастаткова жывая дагэтуль. І гэта пры тым, што навучальная ўстанова перастала існаваць.
Новы навучальны год 2019/2020 ў сценах былога ліцэя не адбыўся, бо ўстанова адукацыі была цалкам зачынена і прыступіла да стадыі ліквідацыі. Адпаведна з закрыццём ліцэя, быў ліквідаваны і сайт установы – http://kl4.mogilev-region.edu.by/. Цяпер ганак былога ліцэя выглядае недагледжаным, якія патрабуе капітальнага рамонту, як і некаторыя элементы прылеглай тэрыторыі. Інтэрнат ліцэя на сёння закансерваваны, а ў сталовай вучэбнага корпуса адкрыты невялічкі швейны цэх. Што чакае ў далейшым комплекс будынкаў былога ліцэя пакуль незразумела, аднак відавочна што знікненне перадавой навучальнай установы негатыўна характарызуе працу спадара Міхайлава, які не справіўся з захаваннем перспектыўнай навучальнай установы і не прыкладаў намаганняў для яе развіцця. Ліквідацыя ліцэя – гэта дастаткова моцны удар якаснай адукацыі ў Крычаве. Ці паўплывае закрыццё слаўнай установы на агульны ўзровень навучэнцаў Крычава і раёна? Гэта пытанне застаецца рытарычным.
Алесь Крыжэвіч