Занядбаныя дамы, хаты ці рэшткі прадпрыемстваў маюць пэўную, своеасаблівую атмасферу. Закінутыя разваліны, рэшткі з аднаго боку страшнаваты для наведвання ў адзіноце, але і прывабны, нібыта ў іх схаваны загадкавыя таямніцы. У гарадах з развітой прамысловасцю абавязкова знойдзяцца падобныя будынкі рознага знешняга выгляду, захаванасці і часу пабудовы. Аднак наколькі часта яны наведваюцца аматарамі палазіць па рэштках ці адчуць лёгкі экстрым? Індустрыяльны турызм канешне мае попыт сярод пэўнага кола моладзі ў нашай рэспубліцы, што асабліва праяўляецца ў вялікіх гарадах. Але ці можна з сталкінга закінутыя аб’екты зрабіць цікавымі для простых турыстаў? Прывяду прыклад з маім родным горадам Крычавам. Яшчэ да пачатку 2020 года знаходзіліся цікавыя рэшткі старой вінакурні, пабудаванай яшчэ ў канцы ХVІII ст. Аднак з канца 1990-х гг. будынак, у якім знаходзіўся ў ранейшыя часы мясцовы піўзавод, быў ў занядбаным стане. Аб’ект раней верагодна прыцягваў мясцовую моладзь, бо на старых сценах захоўваліся розныя надпісы, аднак прысутнасць іх на тэрыторыі прадпрыемства была абсалютна рознай.
Праўда аматары палазіць і расшукаць што-небудзь таксама знаходзяцца. Прыгадваецца адзін знаёмы з Магілёва ў студэнцкія часы, які наўмысна зрабіў візіт на закінуты прамысловы аб’ект, каб пахадзіць, палазіць і агледзіць колішняе прадпрыемства Галынскіх. Здалёк трохпавярховы будынак ўражваў велічнасцю, чырвоная цэгла сведчыла пра старасць, як і стыль арачных вокнаў. І цяжка пагадзіцца з меркаваннем, што гэта было месца без атмасферы. У ім нешта было, бо калі апынаешся сярод занядбаных сцен нібыта “вывальваешся” з вуліцы на якой знаходзішся. Што ж, для квэстаў месца падыходзіла цудоўна і гэта адна з форм праз якую тэрыторыю завода можна было б зрабіць цікавым і прыцягальным месцам для наведвання турыстамі. Прынамсі месца гэта з гісторыяй і не беднай. Да і не так далёка знаходзілася ад перліны горада – палаца Пацёмкіна-Галынскіх, у якім размяшчаецца мясцовы краязнаўчы музей. Спроба развіцця індустрыяльнага турызма магла стаць адным з рычагоў для “ажывання” падобных аб’ектаў у закінутым і недагледжаным стане.
Тым больш, што гісторыя прамысловасці таксама цікавая і з’яўляецца складнікам тых зменаў і працэсаў ў галіне эканомікі, што адбываліся па ўсёй Еўропе. Апісаны аб’ект уяўляў пэўную цікавасць і для гісторыкаў, бо яго рэшткі – жывая гісторыя. Канешне гэта не царква/касцёл, палац ці археалагічны аб’екта, але тым не менш. Праўда, сведчання пра выпуск піва на тэрыторыі былога піўзавода ў выглядзе этыкетак я так і не знайшоў, хаця шукаў іх як нумізматы шукаюць старыя манеты па вуліцах пасля дажджу. Пра тое, што тут была калісьці вінакурня, а затым піўзавод нагадвала толькі разбітае шкло ад гарэлачных бутэлек ці раскіданыя па тэрыторыі былога прадпрыемства пластыкавыя піўныя бутэлькі.
Аднак рашэнне, якое прыняла мясцовага чынавенства абсалютна абсурднае – ЗРУЙНАВАЦЬ гістарычны аб’ект! Ні страдаўнія будынкі, ні індустрыяльны турызм ім непатрэбны. Напэўна турызм наогул непатрэбны, бо над гэтым трэба працаваць, распрацоўваць маршруты і тэмы, прапаноўваць ідэі, упарадкоўваць і рэстаўраваць аб’екты. А так зруйнаваў і добра: няма будынку – няма праблем.
Забыты колішні важны прамысловы аб’ект яшчэ і быў цікава размешчаны. Месца лакалізацыі – памежжа паміж горадам і вёскай, якое можна і прамінуць, калі праязджаеш мост праз рэчку Добрасць. Нечакана і мяняецца назва вуліцы з Піянерскай на Цэнтральную, пры нязменнасці дарогі. Будынак былой вінакурні знаходзіўся ўжо за мастом, аднак размяшчэнне ў межах вёскі Калініна было даволі фармальнае. Гэта меркаваннне пацвярджае доўгая вуліца, якая атрымала народную назву па прамысловаму прадпрыемству і лічыцца цэлым маленькім раёнам пад найменнем “Піўзавод”, што ўваходзіць у склад гарадской мяжы і на мапе выглядае як апендыкс, які зросся з вёскай Калініна (ранейшая назва – Задабрасць). Цікава пры гэтым, што знешне адрозненняў практычна не назіраецца, бо драўляныя хаты знаходзяцца паабапал дарогі як гарадской вуліцы, так і вясковай. З прыведеных фактаў вынікае, што завод меў свой уплыў на гарадскую прастору, таму можна вызначыць яго размяшчэнне як “памежнае”. Пры знаёмстве з падобнымі назіраннямі можа ўзнікнуць пытанне, калі сфармалавася вуліца, якая вядзе ад палаца Галынскіх да былога спірзавода. Адказаць вельмі няпроста, бо без прыцягнення архіўных дадзеных, картаў, вусных сведчанняў людзей раёна горада цяжка хоць нейкае меркаванне выказаць па гэтаму пытанню гарадской тапаграфіі. Усё ж з вялікай верагоднасцю можна лічыць з’яўленне гэтай вуліцы менавіта ў XX ст. Аднак абодва гістарычныя будынкі натуральна ўзаемазвязаны паміж сабой і стваралі пэўную карціну тагачаснага развіцця мястэчка Крычаў, якое працягнулася за савецкім часам ужо ў паселішчы з гарадскім статусам.
Яшчэ адным цікавым прамысловым аб’ектам у горадзе, на мой погляд, з’яўляецца былы мясакамбінат, які на сёння ператварылі ў завод стружачных пліт. Але кацельная не змяніла выгляду з часоў існавання мяснога прадпрыемства і стварае незвычайныя ўраджанні. Сваёй аддаленасцю ад жылых будынкаў, адносна новага мікрараёна “Камсамольскі”, нагадвае палігон для закрытых даследванняў. Кацельная яшчэ па сёння працуе, але недагледжанасць тэрыторыі сведчыць, што лепшыя часы гэтага аб’екта ўжо ў мінулым. Дзве высокія трубы, некалькі вялізных палівасховішчаў, агароджанай бетоннай сцяной, выглядаюць нестандартна.
Разам з тым за кацельнай знаходзяцца былыя склады, якія так і засталіся недабудаванымі і пэўна павінны па задумцы адносіцца да былога мясакамбіната. У іх хаваліся людзі ад дажджу, калі яшчэ на працягу 1990-х гадоў сеялі агароды, якія знаходзіліся на прылеглай тэрыторыі. Склады на фоне прасторы палёў выглядаюць неяк дзікавата, месцам сутыкнення прыроднага і індустрыяльнага. Гэтае збудаванне не ўяўляе ніякай каштоўнасці, якое знаходзіцца некранутай ў параўнанні з зруйнаваным гісторыка-прамысловым аб’ектам у другой частцы Крычава. Ды й незвычайна збудаванні глядзяцца толькі пры пахмурным надвор’і, калі цёмныя хмары наганяюць лёгкі страх невядомасці ў закінутым складзе, па якому даўно не хадзіла нага чалавека. Гадоў пятнаццаць таму гэтая мясціна мела цікавы кантраст, дзе комплекс мясакамбіната з кацельнай глядзеўся на фоне дзясяткаў агародаў, прычым на даволі значнай тэрыторыі. Ці будуць гэтыя аб’екты цікавы наведвальнікам горада? Магчыма, але толькі калі была б магчымасць зазірнуць і пагуляць па “краявідах” кацельнай былога мясакамбіната.
Важна адзначыць, што для разумення сутнасці існавання такіх гарадоў як Крычаў, насельніцтва якога пачало ўзрастаць менавіта за кошт з’яўлення прамысловых прадпрыемстваў, індустрыяльны турызм дапамагае ўсвядоміць лакальную гісторыю, а таксама экстрапаліраваць падобныя працэсы на іншыя рэгіёны нашай Бацькаўшчыны. Ці можна падаваць праз рэшткі закінутых прамысловых прадпрыемстваў гарадское жыццё і яго гісторыю? Думаю што гэта адзін з цікавых накірункаў у асвятленні жыцця паселішча ў найноўшы час, калі імкліва змяняўся яго воблік, а заводы і фабрыкі аказвалі вельмі моцны ўплыў на развіццё і трансфармацыю гарадской прасторы.
Гэты краязнаўчы нарыс яшчэ паказвае складаную эканамічную сітуацыю ў горадзе, дзе былыя прамысловыя прадпрыемствы ператвараюцца ў прамысловыя зоны, якія зарастаюць хмызняком і пакрысе развальваюцца і дзічэюць. Наогул на сённяшні момант сітуацыя на рынку працы ў Крычаве вельмі складаная, бо з кожным годам колькасць працоўных месцаў скарачаецца, як і дзяржаўных арганізацый. Частка прадпрыемстваў, якая працавала яшчэ ў савецкія часы стала непатрэбным: банкрот, нерэнтабельнае ці неканкурэнтназдольнае. За апошнія 20 год зніклі мясакамбінат, мэблевая фабрыка, некаторыя будаўнічыя арганізацыі (т.зв. “ДРСУ”, “ПМК”, “СУ”). Знакаміты на ўсю рэспубліку завод гумавых вырабаў зараз не можа пахваліцца поспехамі ў вытворчасці і канкурэнтназдольнасці, стаўшы толькі філіялам ААТ “Белшина». Горадаўтваральнае прадпрыемства “Крычаўцэментнашыфер” нягледзячы на абнаўленне тэхналогій выпуску прадукцыі і будаўніцтва новай часткі завода каля вёскі Каменка, не заўсёды канкурэнтназдольна на міжнародным рынку, што прыводзіць да скарачэння працоўных месцаў штогод. Аднак важна падкрэсліць і станоўчыя моманты, як то адкрыццё на тэрыторыі былога мясакамбіната вытворчасці цэментна-стружачных пліт (прадпрыемства “Белзарубежбуд”), швейнага цэха, з’яўленне прыватнага прадпрыемства “Белсаюзгруп”. Паралельна з-за бяздарных дзеянняў мясцовых чыноўнікаў быў ліквідаваны Крычаўскі РАСП (т. зв. РАЙПО) і далучаны да суседняга мсціслаўскага. Пры ўсіх пазітыўных момантах стварэння працоўных месцаў у горадзе негатыва на вялікі жаль больш, а эканамічныя праблемы вымушаюць людзей шукаць працу ў краінах-суседзях: Расіі і Польшчы. Калі паглядзець аб’ектыўна на сённяшнюю сітуацыю на рынку працы ў горадзе, то цяжка яе назваць пазітыўнай, бо мясцовыя жыхары 26-тысячнага горада жартуюць, што Крычаў хутка ператворыцца ў пасёлак гарадскога тыпу. І падставы для хвалявання сапраўды ёсць, бо кіраўнікі раёна не дбаюць пра дабрабыт Крычаўшчыны, паказваючы сябе “временщиками», якім важна ўласная кар’ера і перспектыва больш высокай пасады.
Алесь Крыжэвіч