Нядаўна ўжо мінула 76-я гадавіна з часу заканчэння абвяшчэння Дня Перамогі над нацыскай Германіяй.
Калі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе т.зв. “Victory in Europe Day” з’яўляецца днём памяці шматмільённых герояў вайны і жалобы па невінна забітых, то ў былым Савецкім Саюзе гэта праслаўленне моцы савецкага ладу і моцная гераізацыя падзей вайны. Прычым настолькі, што памяць пра шматмільённыя ахвяры вайны адыходзіць на трэцці план, бо вобразы гераізма і непахіснасці савецкага жаўнера і партызанаў знаходзяцца на першых месцах. Такі падыход да святкавання Дня Перамогі перакачаваў і ў сучасную беларускую гістарыяграфію, мала змяніўшыся з савецкіх часоў. Гэтым і тлумачыцца актыўнае з’яўленне ў беларускіх гарадах новых помнікаў і мемарыялаў прысвечаных т.зв. Вялікай Айчыннай вайне, а таксама новай вайсковай тэхнікі, якая часта слаба звязана (або наогул не звязана) з ваеннымі падзеямі Другой сусветнай вайны. Пэўна не кожны горад можа пахвастацца падборам ваеннай тэхнікі, помнікаў і мемарыялаў прысвечаных падзеям т.зв. Вялікай Айчыннай вайны.
Аднак гэта не датычыцца Крычава, на прасторах якога знаходзіцца нямалая колькасць памятных месцаў і ваеннай тэхнікі. У горадзе можна налічыць не адзін дзясятак розных месцаў памяці. Прычым адны сапраўды адлюстроўваюць рэальнасць і захоўваюць памяць пра тыя страшныя часы, а іншыя ўжо зусім бутафорскія і маюць слабае дачыненне да ваенных дзеянняў. У папярэдніх матэрыялах “Магілёўскі рэгіён” згадваў помнікі, на якія былі патрачаны нямалыя грошы крычаўскімі чыноўнікамі (https://old.6tvby.media/admetnyya-myasciny-i-antyimidzhavyya-pomniki-krychava/; https://old.6tvby.media/vydatki-na-bjazdarnyja-inicyjatyvy-krycha-skaga-chynavenstva/), што з’яўляецца не праявай памяці пра вайну, а хутчэй дэманстрацыяй адданнасці ідэалагічнаму курсу цэнтральнай улады і дзейнасці ў галіне патрыятычнага выхавання.
Культ Перамогі стаў важнай ідэалагічнай скрэпай у СССР у пасляваенны час і займае адно з цэнтральных месцаў у дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі да сённяшняга часу, хаця ўжо з развалу Савецкага Саюза прайшло амаль 30 год. Крычаў вельмі добры прыклад, каб убачыць як абазначаны культ праяўляецца ў гарадской тапаніміцы. У розных частках горада існуюць ажно два Парка Перамогі. У раёне з народнай назвай “Вакзал” размешчана невялічкая паркавая зона (Парк Перамогі) з прылягаючай вуліцай Перамогі. Значна большай па тэрыторыі зялёнай зонай гораду выглядяе Парк Перамогі ў раёне т.зв. “Мікра”, які быў закладзены ў 1965 годзе з нагоды 20-годдзя перамогі ў ВАВ. Парк адразу задумваўся як месца з ідэалагічнай нагрузкай, бо цэнтральнае месца яго займае Курган Славы. Адзначу, што шыльда, якая абазначае назву парка з’явілася адносна нядаўна – напачатку 2010-х гг.
На сёння Парк Перамогі на “Мікра” моцна насачаны помнікамі і мемарыяламі. На тэрыторыі парка размешчаны акрамя Кургана Славы гэтаксама помнік-самалёт Су-9 (у 2014 годзе перад пастаментам усталявана памятная дошка, прысвечаная подзвігу Віктара Дашкіна), Аллея Славы (адкрыта ў 2004 годзе), помнік воінам-інтэрнацыяналістам (адкрыты ў 2013 годзе). Акрамя таго ў маі 2018 года ў Парку Перамогі Крычава быў адкрыты памятны знак у гонар 100-годдзя стварэння памежных войскаў. У 2019 годзе была адкрыта Аллея Памяці, якая размясцілася ў падножжа Кургана Славы. Алея складаецца з 22 пліт з чорнага мармуру, якія ўвекавечваюць імёны жыхароў Крычаўшчыны, якія загінулі падчас ваенных дзеянняў Вялікай Айчыннай вайны.
Такім чынам, Крычаў можна назваць горадам, дзе моцна праяўляецца культ Перамогі і наогул гераізмам прасякнуты ўвесь цэнтральны Парк Перамогі. Пры гэтым на сённяшні момант вельмі мала інфармацыі і ведаў пра Крычаў часоў акупацыі горада немцамі, пра трагічныя лёсы простага насельніцтва ў ваенныя гады…. Культ Перамогі ў Крычаве пануе і займае важнае месца ў гісторыі горада. Самы яскравы прыклад такой з’явы ў тым, што дзень горада адзначаецца 30 верасня – дзень калі ў 1943 годзе, па афіцыйных звестках, вызвалілі горад савецкія войскі ад нямецкіх жаўнераў. На вялікі жаль, пра трагічныя падзеі і драматызм вайны мы ведаем нашмат меней і адной Алеяй Памяці тут не абыйсціся.
Алесь Крыжэвіч