6-7 лістапада ў Крычаве павінен быў прайсці міжнародны інвестфорум “Млын поспеху”. Гучыць канешне сур’ёзна, але ці ёсць сферы ў жыцці ўсходнебеларускага горада, якія сапраўды развіваюцца і ўдасканальваюцца і ці будзе жаданне ў інвестараў укладаць свае грошы ў развіццё патэнцыялу гораду? У пачатку кастрычніка (за месяц да мяркуемага пачатку працы форума) магілёўскім аддзелам “Белтэлерадыёкампаніі” быў зняты пазітыўны рэпартаж пра актыўнае развіццё прамысловасці Крычава і пра яе далейшыя перспектывы. Відавочна, што ў рэпартажы гаварылася выключна пра факты поспеху і пазітыўныя працэсы, а вось пра правалы і нэгатыўныя з’явы ніхто, натуральным чынам, не згадваў.
Сітуацыя з развіццём прамысловасці выглядае іначай, чым тая, якая была паказана ў рэпартажы. 26-тысячны горад Крычаў на сённяшні момант не можа пахваліцца актыўным развіццём прамысловага сектара эканомікі, бо прадпрыемстваў якія маглі б прадставіць пазітыўныя вынікі працы засталося няшмат. Калі зайсці ў раздзел эканомікі на сайце Крычаўскага райвыканкама то бачна, што прамысловасць у горадзе развіваецца слаба. Канешне ёсць флагманы мясцовай эканомікі, як “Крычаўцэментрашыфер” на якім працуе каля 900 чалавек і маладое прадпрыемства “Белзарубежбуд” па выпуску цэментна-стружачнай пліты, што было адкрыта ў былым будынку мясакамбіната. На гэтым перспектыўным прадпрыемстве працуе на сёння 142 чалавека. Да поспехаў апошніх год можна далучыць адкрыццё швейнага цэха, аднак наколькі гэта перспектыўна пакажа час. Вось і ўсе эканамічныя поспехі горада! Можна паспрабаваць, канешне, аспрэчыць дадзеную пазіцыю і сказаць, што ёсць і іншыя прадпрыемствы, дзе працуюць людзі. Так, ёсць. Напрыклад, у крычаўскім філіяле булачна-кандзіцерскай кампаніі “Дамачай” (былы мясцовы хлебзавод) працуе крыху больш за 100 чалавек. Але ж заробкі ў работнікаў невысокія, праўда хлеб у горадзе робяць дастаткова добрай якасці і смаку. Пагэтаму захаванне былога хлебзавода ў Крычаве таксама можна назваць адносным поспехам.
А вось працу крычаўскага філіяла ААТ “Белшына”, на якім працуе 143 чалавека, цяжка назваць дасягненнем прамысловага сектару эканомікі. Існаванне філіяла “Белшыны” у Крычаве сведчыць толькі пра тое, што да поўнага знішчэння былі завод па вытворчасці гумавых вырабаў яшчэ не давялі. Хаця 15-20 год таму гэты завод быў вельмі перспектыўным і выпускаў якасную і вядомую прадукцыю па ўсёй Беларусі і далёка за яе межамі. Людзей адпаведна на ім працавала значна больш, а прадукцыя рэкламавалася па цэнтральных беларускіх тэлеканалах. Сёння завод-філіял як храмая качка, на стан якога сумна і непрыемна глядзець. Якім чынам можна было разваліць перспектыўнае прадпрыемства, што прыносіла нямалы прыбытак гораду?
Яшчэ ёсць завод завод жалезабетонных вырабаў, але калі глядзець на яго цяперашні стан, то становіцца страшнавата, бо знаходзіцца ён на стадыі знікнення. Пытанне да мясцовых вертыкальшчыкаў паўстае аналагічнае: якім чынам паспяховае прадпрыемства ў мінулым можна было давесці да амаль занядбанага стану? На ім працуе ўсяго каля 30 чалавек і перспектыў завод не мае ніякіх і будзе чарговай ахвярай бязглуздага чынавенства і іх абсалютнай блізарукасці. Каб уявіць сапраўдную палітыку мясцовых вертыкальшчыкаў варта звярнуцца да сумнай гісторыі будаўнічай арганізацыі СПМК-113, якая знаходзіцца побач з заводам “ЖБВ” («ЖБИ”). Хоць гэта арганізацыя адносіцца да сферы будаўніцтва, аднак з’яўляецца вельмі добрым прыкладам рэгрэса і знікнення невялікіх арганізацый і прадпрыемстваў. СПМК-113 – арганізацыя, якая была ў абласным падпарадкаванні. На сёння яна фактычна ўжо перастала існаваць хоць, магчыма, на паперы недзе і лічыцца. Адміністрацыйны будынак СПМК-113 занядбаны, як і прылеглая тэрыторыя. Такое ўражанне, што тут не было жыцця год 20 як мінімум, а то і больш. Адзначу, што яшчэ напачатку 2010-х арганізацыя крызу працавала, аднак ужо пакрысе развальвалася. На сёння працуе толькі адзін вартаўнік, а таксама выкарыстоўваецца гаспадарчы падворак для стаянкі некалькіх грузавых машын. Фактычна пасля развалу будаўнічай арганізацыі, адміністрацыйны будынак і прылеглая тэрыторыя перасталі выкарыстоўвацца, а з цягам часу ператварыліся ў занядбанае месца.
Знік гэтаксама мясцовы маслазавод, які на сёння дэ-юрэ стаўся філіялам ААТ “Бабушкіна крынка”, але дэ-факта зачыніўся, бо на ім нічога не выпускаецца. У мінулым выпускаліся не толькі малочныя прадукты добрай якасці, але нават марозіва, што на сёння цяжка нават уявіць. Развал прадрыемства і яго знікненне адбылося фактычна ў другой палове 2000-х гг. Цяпер больш заўважная прылеглая тэрыторыя да завода, дзе ззяюць рознымі агнямі калядныя персанажы ў навагодні час, чымся само прапрыемства.
Быў зачынены і вінзавод, што знаходзіцца ў вёсцы Чырвоная Буда, які доўгі час рабіў прадукцыю, што мела досыць шырокі попыт. Наогул будынак завода вядзе сваю гісторыю яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя, аднак у апошнюю пяцігодку ён спыніў сваё існаванне. Перадусім варта адзначыць, што асобнай адзінкай завод даўно перастаў быць і знаходзіўся ў рангу філіяла Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода, які сам пакрысе ператвараўся ў непрыбытковае прадпрыемства. Ужо ў 2016 годзе ў завода не хапала ўласных сродкаў і была запазычаннасць перад бюджэтам. У гэтым і ёсць адна з прычын закрыцця былога спіртзавода “Краснабудскі”. Працэс ліквідацыі прадпрыемства пачаўся ў 2016 годзе, а канчаткова скончыўся ўвесну 2017 года. Такім чынам на сёння ад спіртзавода застаўся толькі будынак з абсталяваннем, якое нікім не выкарыстоўваецца. Між іншым сам Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод у 2018 годзе быў прызнаны банкрутам, што меў 220 крэдытаў і вінен крыдэторам 50,3 млн беларускіх рублёў.
Пасля вось такога невялікага агляду пазітыўных і негатыўных бакоў развіцця прамысловага секрату эканомікі ў Крычаве і раёне, інвестару варта было б добра падумаць ці гатовы ён укладаць грошы ў непрагрэсіўны рэгіён з масай праблем і не надта прывабным інвестыцыйным кліматам.
Алесь Крыжэвіч