Галоўная » Крычаў: на дамах “Мікра” з’явіліся шыльды з назвай мікрараёнаў

Крычаў: на дамах “Мікра” з’явіліся шыльды з назвай мікрараёнаў

Апошнім месяцам у цэнтральным і самым густанаселенным раёне пад народнай назвай “Мікра” (а калі цалкам, то “мікрагарадок”) на дамах з’явіліся шыльды з пазначэннем адраса. Пераважна шыльды былі павешаны на дамах мікрараёна “Камсамольскі” і часткова на дамах мікрараёна “Сожа”, з якіх і складаецца цэнтральная частка Крычава – “Мікра”. Пару дзясяткаў дамоў ахапіла гэта неблагая тэндэнцыя.

Раней на дамах толькі фарбай быў пазначаны нумар, аднак цяпер на некаторых жылых будынках дадаліся яшчэ і шыльды. Між іншым на шыльдах цяпер пішуць афицыйную назву аднаго з раёнаў наступным чынам: “уліца мікрараён Камсамольскі”. Незразумела толькі, для чаго такая блытаніна ў назве і папярэдняя назва “мікрараён Камсамольскі” была больш канкрэтнай, бо ў гэтым раёне не сфармавалася тыповай вулічнай забудовы.

Варта адзначыць, што шыльды з назвай мікрараёна і дома дапамогуць іншагароднім у арыентацыі ў прасторы вуліц і мікрараёнаў. Асаблівая блытаніна з нумарамі дамоў назіраецца на мікрараёне Камсамольскім і якраз шыльды дапамогуць людзям з іншага раёна і горада знайсці патрэбны будынак. Прычым на адным з дамоў пад шыльдай была зафарбавана графіці – надпіс ЗУБР. Між іншым “Зубр” — дастаткова масавы маладзёжны рух у Беларусі на пачатку 2000-х гадоў. Знаходзіўся ў апазіцыі да Лукашэнкі. З’явіўся ў 2001 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года абвясціў аб самароспуску. Прычына знікнення графіці натуральным чынам зразумелая.

Kryčaveć