Ужо не аднаразова заўважалася, што з упарадкаваннем дарог і ходнікаў ў Крычаве існуюць пэўныя праблемы. Нягледзячы на тое, што ў горадзе некалькі арганізацый дарожна-будаўнічага ці будаўнічага профілю, аднак са сваімі задачамі яны спраўляюцца слаба.
Варта пералічыць арганізацыі, якія займаюцца ўпарадкаваннем у горадзе: ДБУ №20 (ДРУ- дорожно-строительное управление), ДРБУ № 198 (ДРСУ-дорожное ремонтно-строительное управление), т.зв. «СПМК-111», «ПМК №264» . У розных частках горада бачны недапрацоўкі арганізацый звязаных з упарадкаваннем дарог. Напрыклад, недалёка ад пабудаванага новага сацыяльнага дома на мікрараёне “Камсамольскі” правалілася плітка і ніхто з пералічаных службаў не парупіўся выправіць недахоп. Добра калі б гэта быў адзін выпадак, але ж па горадзе яшчэ іх досыць шмат. Яшчэ адным прыкладам можа стаць неўпарадкаваная дарога на суседнім мікрараёне “Сож”. Прычым на дарозе знаходзіцца вялікая калюжына, якая редка высыхае і лакалізуецца адразу за домам, што быў пабудаваны на кітайскія інвестыцыі, якімі так хвасталася мясцовая ўлада. Дом пабудавалі, аднак дарогу за домам так і не змаглі ўпарадкаваць, ды й самы галоўны агітатар беларуска-кітайскага партнёрства ў Крычаве Дзмітрый Бачкоў, хутка перастаў быць старшынёй райвыканкама, змяніўшы пасаду кіраўніка ўсходняга рэгіёна на цёпленькае прафсаюзнае месца ў сталіцы. Наогул варта адзначыць, што шэраг т.зв. “хрушчовак” на мікрараёне “Сож” маюць патрэбу ў капітальным рамонце. Аднак для праўдзівасці заўважу, што такую працэдуру прайшлі ўжо некалькі дамоў, тым не менш працы ў рамонце старых дамоў яшчэ дастаткова.
Дастаткова сумна выглядаюць працоўныя інтэрнаты на мікрараёне “Камсамольскі”. Вось напрыклад, інтэрнат УКВП “Камунальніка” выглядае жудасна. З абодвух бакоў дома размешчаны горы будаўнічага смецця, якія ніхто не прыбірае больш за поўгады. Наогул тэрыторыя вакол інтэрната не толькі не ўпарадкаваная, а зусім недагледжаная і нават крыху засмечаная. Побач некалькі іншых працоўных інтэрнатаў таксама не ў лепшым выглядзе. Прычым у гэтым раёне некалькі год таму будаваліся новыя дамы, а вось упарадкоўваць старыя аказалася нявартай справай. Падобная сітуацыя назіраецца і на мікрараёне “Сож”, дзе таксама размяшчаюцца некалькі інтэрнатаў для працоўных, якія знаходзяцца не ў лепшым стане. Што ж, відавочны недапрацоўкі ўпраўлення капітальным будаўніцтвам Крычаўскага раёна і іншых будаўнічых арганізацый.
Дарэчна будзе заўважыць, што частка горада “Мікра” (м-н “Камсамольскі” і м-н “Сож”) лічыцца самай заселенай, аднак праблем і недахопаў, як бачна з прыведзенага матэрыяла, нямала. А што ўжо казаць пра далёкія раёны горада кшталту Вакзал, Дэпо ці Піўзавод, вуліцы якіх таксама пакідаюць далека не заўсёды прыемнае ўражанне. Упарадвоўваць дарогі ўлады забываюцца, а вось рамонт помніка Леніну зрабіць – гэта святое. Вось так і атрымоўваюцца, што помнікі важдзям, якія «канули в лету» больш істотны, чым рэальныя праблемы людзей.
Алесь Крыжэвіч