Галоўная » Крычаў: Недарэчнасць усталявання новага-старога помніка

Крычаў: Недарэчнасць усталявання новага-старога помніка

Адной з самых гучных падзей тыдня стала знікненне трактра-помніка з пастаменту ў аграгарадку Касцюшкавічы. Помнік, які быў усталяваны ў 1981 годзе раптам знік, што спарадзіў занепакоенасць мясцовых жыхароў, а таксама шмат чутак наконт яго лёсу. З дапамогай спецтэхнікі трактар звезлі нібыта на “рэстаўрацыю” (як паведаміў старшыня Касцюшкавіцкага савета дэпутатаў Мядзведзеў Уладзімір), пасля чаго ён апынуўся на пастаменце ля былога транспартнага прадпрыемства “Крычаўгрузаўта”. Гісторыя канешне непыповая, пагэтаму нарабіла шуму і ўскалыхнула мясцовую супольнасць.

Важна адзначыць, што гэта акцыя крычаўскага чынавенства спланаваная, а не раптоўнае рашэнне, як магло б падацца. Адзначу, што ў верасні незалежная супольнасць Крычава даслала калектыўны зварот у мясцовы райвыканкам з мэтай устанавіць прычыну знікнення з пастаменту ЗІЛ-164. Вось што адказалі чыноўнікі лістом ад 8.10.2020:

Кричевский районный исполнительный комитет (далее – райисполком) на Ваше коллективное обращение сообщает следующее.

Памятник автомобилю ЗиЛ-164, который располагался возле территории бывшего ГАП-18 по ул. Комсомольской, 130 в г. Кричеве, был демонтирован в связи с высокой степенью износа.

В настоящее время рассматривается возможные варианты техники, имеющей историческую ценность, для установки на постамент возле промышленной территории по ул. Комсомольской, 130 в г. Кричеве.

О принятом решении по вопросу установки памятника Вы будете уведомлены дополнительно.

В соответствии со статьей 20 Закона Республики Беларусь от 18 июля 2011 г. “Об обращении граждан и юридических лиц” при несогласии с данным ответом Вы вправе обжаловать его в Могилевский облисполком (ул.Первомайская, д. 71, 212030 г. Могилёв).

Гэты адказ прыйшоў за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Асмалоўскага Міхаіла Аляксандравіча. Калі ўважліва ўчытвацца ў радкі адказу, то бачна, што назад грузавы аўтамабіль ЗІЛ-164 вяртаць не планавалася. Такая логіка мясцовай улады напэўна ў тым, што пры знішчэнні прадпрыемства не было сэнсу вяртаць яго сімвал, якім была грузавая машына. Тое, што грузавік знасіўся гэта не значыць, што яго нельга было адрэстаўраваць. Сродкі для таго каб зняць с пастаменту трактар-помнік у Касцюшкавічах знайшліся ж, так чаму не знайшліся б для рэстаўрацыі ЗІЛа? Тут пытанне не ў стане машыны, а яго сэнсавым складніку. Тым больш што ЗІЛ-164 маладзейшы за касцюшкавіцкі трактар на 30 год! Пагэтаму відавочна, што фармулёўка “демонтирован в связи с высокой степенью износа” гэта банальная адпіска. Ёсць верагоднасць, што помнік ЗІЛ-164 ужо не існуе. Не буду здзіўлены, што грузавая машына ўжо на металаломе, бо мясцовы бюджэт варта нечым напаўняць, пагэтаму добрыя ўсе даступныя метады. А калі так, то ЗІЛ-164 быў больш значным помнікам чым, напрыклад, самаходка СУ-100 ці артылерыйская гармата Д-44. Вось што варта было здаваць на металалом, бо і па вазе добрыя аб’екты і ступень іх непатрэбнасці таксама зашкальвае.

Крыху пазней мясцовая ўлада дадаткова паведаміла лістом ад 23.10.2020 наступнае:

Кричевский районный исполнительны комитет (далее – райисполком) на Ваше коллективное обращение сообщает следующее.

Возле бывшего ГАП-18 будет отремонтирован и установлен до 03.11.2020 трактор-памятник первым колхозникам-трактористам, проложившим первую борозду колхозной жизни в Кричевском районе.

В соответствии со статьей 20 Закона Республики Беларусь от 18 июля 2011 г. “Об обращении граждан и юридических лиц” при несогласии с данным ответом Вы вправе обжаловать его в Могилевский облисполком (ул.Первомайская, д. 71, 212030 г. Могилёв).

 

Што ж да рэалізацыі ідэі мясцовым чынавенствам, то іх учынак можна назваць актам вандалізма, бо жыхароў вёскі Касцюшкавічы пазбавілі адметнага помніка, нават не спытаўшы іх меркавання. Адзначу, што падобны помнік даволі адметны і адзіны на прасторах Крычаўшчыны. На тэрыторыі Беларусі падобныя адметныя помнікі сустракаюцца дастаткова рэдка. Трактар-помнік быў прысвечаны першым калгаснікам-трактарыстам, які знаходзіўся на пастаменце з адпведнай шыльдай, а недалёка ад яго размяшчалася скульптура воіна, прысвечаная памяці 165-ці загінулым вяскоўцам падчас нямецкай акупацыі. У сквер часта наведваліся мясцовыя школьнікі, дзе праводзіліся розныя мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці. Гэты трактар-пуцілавец з’явіўся на тэрыторыі Касцюшкавіцкага саўгаса ў пачатку 1930-х гг. і быў прадназначаны для паступовай механізацыі сельскагаспадарчай працы. Звязаны ён, натуральна, з гісторыяй Касцюшкавічаў, бо першым трактарыстам Крычаўшчыны быў якраз мясцовы жыхар Іван Вацура, успаміны якога захоўваюцца ў вясковай школе.

У мясцовай раёнцы “Крычаўскае жыццё” ад 4 лістапада з’явіўся артыкул, дзе паведамляецца пра тое, што трактар адрэстаўраваны і размешчаны на пастаменцы каля “Крычаўгрузаўта” (згодна тэксту артыкула “па вуліцы Камсамольскай”, без пазначэння канкрэтнага месца). Прычым будзе на пастамент усталявана мемарыяльная шыльда, а побач пастаўлены інфармацыйны банэр, які будзе распавядаць пра помнік. Аднак якім чынам трактар 1930-х гг. звязаны з прамысловай зонай горада 1960-1970-х гг., да якой і адносіўся “Крычаўгрузаўта”? І наогул якім чынам даваенны трактар звязаны з гісторыяй месца? Відавочна, што такімі пытаннямі не абцяжарвалі сябе ідэолагі пераносу помніка, а тым больш маўклівыя выканаўцы.  Цяпер жа дзіўна выглядае трактар 1930-х гг. на пастаменце на фоне краявідаў разваленага транспартнага прадпрыемства, што ілюструе эканамічную разруху горада.

Гэта гісторыя паказала, што мясцовая ўлада нават нескладаныя пытанні няздольна вырашыць адэкватна і канструктыўна. Больш за тое, “трактарная эпапея” сталася добрым прыкладам і адлюстраваннем узроўня мясцовага чынавенства, іх кіраўнічага патэнцыялу і ўмення працаваць з людзьмі. Разам з тым адзначу, што для новых пакаленняў чыноўнікаў савецкія помнікі ўжо перасталі быць нейкай важнай часткай свядомасці, арэол святасці за імі ўжо не праглядаецца, а яны часцей выкарыстоўваюцца хутчэй як інструменты з падамогай якіх можна паказаць прыгожую карцінку актыўнай працы ў культурнай сферы ці галіне патрыятычнага выхавання моладзі.

Алесь Крыжэвіч