У Крычаве на новагодні і калядны час вырашылі ўпрыгожыць не толькі розныя часткі горада, паставіўшы традыцыйныя вялікія елкі (напрыклад, раён т.зв. Мікра, Горад і інш.), але і ўпрыгожыць будынак чыгуначнага вакзала. На ўваходзе ў вакзал наведвальнікаў будынка чакае надутая постаць Санта Клаўса, нягледзячы на тое, што для нашага края яшчэ з савецкіх часоў больш вядомы і характэрны вобраз Дзеда Мароза. Прычым вясёлы Санта Клаўс паказвае рукой у бок дзяржаўнага сцяга, што таксама вісіць над уваходам у будынак. Чырвона-зялёны сцяг і бела-чырвоны Санта Клаўс здавалася б неспалучальныя з’явы, што спалучаюцца на крычаўскім вакзале.
Упершыню за апошнія гады ўнутры будынка вакзала пастаўлена вялікая елка, якая ўпрыгожвае ўнутраныя інтэр’еры, ствараючы пазітыўны настрой для пасажыраў. Дарэчы, інтэр’еры вакзала нечакана святочна аздоблены, а ў самім цэнтры будынка знаходзіцца ялінка.
На гэтым дзівосы не заканчваюцца і працягваюцца пры выхадзе з будынка вакзала на перон. Там знаходзяцца два інфармацыйных стэнда, на адным з якіх размешчаны расклад руху цягнікоў з аднаго боку, а з іншага – выява з нагоды т зв. “дня адзінства” з лозунгам «ЕДИНСТВО РАЗВИТИЕ НЕЗАВИСИМОСТЬ».
На другім стэндзе з аднаго боку гэтаксама размешчаны расклад руху цягнікоў, а з другога знаходзіцца рэклама-віншаванне (на выяве знаходзяцца фота палаца Пацёмкіна-Галынскіх, будынка вакзала, аднаго з уязных знакаў і герб горада) крычаўлянаў з Днём горада, які адзначаўся 30 верасня 2021 года. Такім чынам, упрыгажэнне будынка вакзала ўнутры і вакол яго стварае нейкую салатніцу, дзе змешчана сімволіка і рэклама розных дзяржаўных святаў і падзеяў у гарадскім жыцці ў адным месцы.