Зусім нядаўна абсалютна без увагі прайшла важная падзея ў гісторыі Крычава. Гэтай значнай падзеяй з’яўляецца атрыманне горадам Магдэбурскага права, якое было нададзена 23 жніўня 1633 года прывелеем князя Вялікага княства Літоўскага і караля Польскага Уладзіслава IV Вазы. Важна падкрэсліць, што права на самакіраванне горад атрымаў за гераічнае змаганне з маскоўскімі войскамі пад кіраўніцтвам ваяводы Івана Тарбеева і атамана Івана Балаша. У лютым 1633 года паход маскавітаў на Крычаў аказаўся трагічным для горада. Дзве тысячы жыхароў (жанчын і мужчын з дзецьмі) былі ўзяты ў аблогу, а гэта ледзь не ўсе крычаўляне, бо ў тагачасных гарадах многа жыхароў не было. Але пакутамі і мужнасцю людзей замак выстаяў перад варожымі атрадамі.
Сапраўды значная падзея, якую мы абавязаны памятаць і ганарыцца смеласцю і адданасцю нашых продкаў у абароне сваей Айчыны. Гэты дзень мусіць стаць адным са складнікаў лакальнага патрыятызма і любові да малой радзімы і Бацькаўшчыны наогул.
На вялікі жаль гэта дата цалкам ігнаруецца мясцовай ўладай. Я нават не кажу пра нейкія хаця б мінімальныя ўрачыстасці, што маглі б быць прыкладам павагі да гісторыі горада. Нават шыльдачкі ці нейкай вывескі 23 жніўня не было і наўрадці будзе, што сведчыць пра манкуртызм гарадскіх чыноўнікаў. А ўсталяванне стэлы ці невялічкага помніка, прысвечанага атрыманню Магдэбурскага права так дакладна з’яўляецца нечым фантэзійным. Афіцыйныя мерапрыемствы звязаны ў горадзе, па вялікаму рахунку, толькі з адной гістарычнай падзеяй – ваеннымі дзеяннямі падчас Другой сусветнай вайны.
Сур’ёзнае стаўленне крычаўскага чынавенства да мінулага дэманструецца з дапамогай фотаздымкаў у мясцовай газеце (па-народнаму “брахалаўцы”) на фоне палаца Пацёмкіна-Галынскіх і гучных лозунгаў-артыкулаў прэсы. Да гэтага ж варта дадаць яшчэ банэры з надпісам на іх кшталту “Я люблю свой горад”. Шкада, што такая дэманстрацыя патрыятызма зусім не адпавядае рэальнасці, а банэры з “патрыятычнымі” лозунгамі слаба напоўнены сэнсам, а тым больш любоўю да Крычава. А між іншым сённяшні герб Крычава, які быў падараваны гораду разам з правам на самакіравання, упрыгожвае шматлікія стэнды і афіцыйныя мерапрыемствы. Час з’яўлення гарадской сімволікі быў няпростым выпрабаваннем для Крычава. Выява зброі на гарадскім гербе сведчыць пра важную ролю ў абароне ўсходніх межаў тагачаснай дзяржавы абодвух народаў – Рэчы Паспалітай.
Памятайма пра сваю гісторыю!!!
Алесь Крыжэвіч