Апошнія сем-дзесяць год па ўсей Беларусі і на Магілёўшчыне ў прыватнасці назіралася тэндэнцыя на з’яўленне/выкрышталізацыі лакальных брэндаў, якія адлюстроўваюць асаблівасць кожнага раёна. Напрыклад, Слаўгарадскі раён вядомы сваёй традыцыяй паломніцтва і пакланення да Блакітнай крыніцы (сапраўдная назва – Сіні калодзеж) і святкаваннем Мядовага Спаса (Макаўя па-мясцоваму) на каштоўнейшым сакральным водным аб’екце. Гарадскі пасёлак Дрыбін вядомы ўнікальнай традыцыяй валяння валёнак і правядзеннем рэгіянальнага фестываля народнай творчасці “Дрыбінскія таржкі”, на які завітваюць госці з розных раёнаў і абласцей, а гэтаксама з краін бліжняга замежжа. Аднак далёка не кожны рэгіён можа пахвастацца такімі падзеямі і яскравым рэгіянальным брэндам.
Прыкладам можа стаць Крычаўскі раён, які з гэтага гледішча выглядае беднаватым, бо да сённяшняга дня рэгіён не мае сваёй яскравай “фішкі”. Пры гэтым важна адзначыць, што ў суседніх раёнах праводзяцца даволі знакамітыя фестывалі, што маюць славу далёка за межамі Магілёўшчыны: у Мсціслаўле адбываецца “Рыцарскі фэст”, а ў Клімавічах легендарная “Залатая пчолка”. Прычым некаторыя раёны праводзяць на год па два фестываля. Напрыклад, у Чавускім раёне праходзіць межрэгіянальнае этнасвята «У госці да радзімічаў» і з аналагічным статусам свята-конкурс «Зялёныя святкі». У Мсціслаўлі акрамя “Рыцарскага фэста” праводзіцца яшчэ фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна. Гэта ж датычыць і Слаўгарадчыны, дзе акрамя славутага на сёння Мядовага Спаса на Блакітнай крыніцы, што прыцягвае тысячы людзей, раз на два гады адбываецца абласное свята «Народная прыпеўка».
З прыгаданымі суседнімі і блізка размешчанымі раёнамі Крычаўшчыне канкураваць цяжка. І гэта нягледзячы на тое, што ў Крычаве двойчы праводзіўся «Apis-Форум», які збіраў больш за трыццаць пчаляроў Крычаўшчыны і суседніх раёнаў. З 2015 года пачаў таксама праводзіцца межрэгіянальны фестываль “Крычаўскі канёк”, які сёлета будзе ўжо шостым. Тым не менш ўсе адзначаныя мерапрыемствы малаколькасныя, што не ствараюць вялікага розгаласу нават на прасторах Магілёўскай вобласці…. Наогул з брэндам і адметнасцямі Крычаўскага раёна вельмі цяжка, бо мясцовыя чыноўнікі так і не стварылі прывабны вобраз раёна.
Пэўным брэндам Крычава бяспрэчна з’яўляецца палац Пацёмкіна-Галынскіх. Перліна горада штогод прываблівае немала турыстаў. Гэтая мясціна сапраўды з’яўляецца культурным цэнтрам горада, што спалучае функцыі маёнтка Галынскіх як архітэктурнага помніка і краязнаўчага музея. Дарэчы, спецыялісты-музеязнаўцы адзначаюць, што краязнаўчыя музеі ідуць па ўласным шляху і маюць добрую пляцоўку для стварэння мясцовых брэндаў. Аднак гэтага дакладна не хапае, каб Крычаў стаў нават ў межах Магілёўскай вобласці папулярным горадам для наведвання. Адметна, што на Крычаўшчыне на сённяшні дзень няма ніводнага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які быў б уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Нават Чэрыкаўскі раён, які таксама не адзначаецца цікавымі лакальнымі мерапрыемствамі, вядомы абрадам ушанавання іконы святых Пятра і Паўла (аброчнага абраза) і цудатворнай крыніцы палд назвай “Брязгун”. Абрад, які адбываецца ў вёсцы Наркі Чэрыкаўскага раёна яшчэ ў 2012 годзе быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Магілёўскай вобласці.
Такім чынам, Крычаўскі раён з багатай гісторычнай і культурнай спадчынай на сённяшні дзень не мае добра распацаванага ўласнага лакальнага брэнда. А гэта паказвае на поўную абыякавасць мясцовых чыноўнікаў да самабытнасці і ўнікальнай гісторыі Крычаўшчыны.
А.К.