Галоўная » Крычаўскага журналіста пакаралі штрафам за падабайкі пад “экстрэмісцкімі” матэрыяламі

Крычаўскага журналіста пакаралі штрафам за падабайкі пад “экстрэмісцкімі” матэрыяламі

Суд Крычаўскага раёна 1 лістапада пакараў мясцовага журналіста Сяргея Няроўнага адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь. Суддзя Алена Азаранка палічыла, што сваімі падабайкамі, пастаўленымі ў мінулым годзе ў сацыяльнай сетцы Facebook, журналіст нібыта «распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы».

Журналіста судзілі за падабайкі пад допісамі на старонках СМІ, якія ўлады пазней прызналі экстрэмісцкімі. На Няроўнага было складзена два адміністрацыйныя пратаколы, двойчы яго затрымлівалі супрацоўнікі крычаўскай міліцыі і змяшчалі ў мясцовы ізалятар часовага ўтрымання. Дома ў журналіста правялі вобшук.

У першым пратаколе ў віну Сяргею Няроўнаму паставілі тое, што ён націснуў адзнаку «падабаецца» на старонцы інфармацыйнага партала Тут.бай у Facebook, у другім — падабайку на старонцы тэлеканала “Белсат”.

Суд працягваўся некалькі дзён, пратаколы аб’ядналі ў адну адміністрацыйную справу. Журналіст імкнуўся давесці сваю невінаватасць, даказваў, што факту распаўсюду не было, а падабайкі пад нібыта “экстрэмісцкімі” матэрыяламі ён паставіў больш за год таму, калі гэтыя інфармацыйныя рэсурсы яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Суддзя Алена Азаранка чамусьці не прыняла да ўвагі довады Няроўнага і пастанавіла пакараць журналіста штрафам у памеры 20 базавых велічынь (580 рублёў) паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі.

Сяргей Няроўны кажа, што не згодны з рашэннем суда Крычаўскага раёна і абавязкова будзе абскарджваць яго ў Магілёўскім абласным судзе. Журналіст сцвярджае, што ніякім чынам не распаўсюджваў “экстрэмісцкія матэрыялы”, а падабайкі паставіў больш за год таму на сваёй закрытай старонцы Facebook, прычым калі гэтыя рэсурсы і блізка не былі “экстрэмісцкімі”.

Паводле слоў Няроўнага, падобныя адміністрацыйныя працэсы на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП ідуць у Крычаве ўжо некалькі тыдняў. Людзей судзяць за падабайкі, пастаўленыя ў самых розных сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах. Звычайна супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць грамадзян на два-тры дні, пасля дастаўляюць іх у суд і караюць штрафам. Пра выпадкі пакарання адміністрацыйным арыштам журналіст не чуў.

Якраз на адным з такіх судоў Няроўнаму атрымалася папрысутнічаць сёння. Жанчыну з Крычава, нягледзечы на прызнанне віны, аштрафавалі на 10 базавых велічынь за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі — у 2020 годзе яна паставіла падабайкі (як сцвярджае, выпадкова) пад здымкамі з лагатыпамі забароненых тэлеграм-канала і тэлеканала. Пасля затрымання ёй таксама давялося адсядзець да суда трое сутак у ІЧУ.

baj.by