Гісторыя Крычаўскага маслазавода (афіцыйна – ААТ “Крычаўскі масларобчы завод”) вельмі паказальная, як паспяховыя на рэгіянальным узроўні прадпрыемствы былі фактычна знішчаны падчас кіравання краінай грамадзянінам Лукашэнка А.Р.
Мясцовы масларобчы завод славіўся сваёй малочнай прадукцыяй: сыр, тварог і нават марозіва. Прычым прадпрыемства мае пэўную гісторыю, бо адчынена яно было ажно ў 1946 годзе. Завод лакалізуецца блізка каля маста праз Сож, на месцы якога знаходзіліся баракі нямецкіх жаўнераў падчас Другой сусветнай вайны. Месца з гісторыяй, інакш не скажаш. Паўстагоддзя прапрыемства знаходзілася па адрасе Маскоўская шаша, 2, дзе лакалізуецца і цяпер. Прычым развал Савецкага Саюза не стаў перашкодай для далейшай працы завода, дарэчы, як і для многіх прадпрыемстваў горада. У 1991 годзе ААТ “Крычаўскі масларобчы завод” быў зарэгістраваны ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Да сярэдзіны 2000-х гадоў малакаперапрацоўчы завод працаваў досыць стабільна. На чацвёрты квартал 2005 года на заводзе працавала 77 чалавек. Аднак у самым канцы 2005 года як самастойная адзінка прадпрыемства ліквідуецца і далучаецца да ААТ “Бабушкіна крынка”. З гэтага часу можна весці адлік паступовага паслаблення прадпрыемства, практычна да поўнага яго знішчэння на сённяшні дзень.
Крыху раней, у красавіку 2005 года да “Магілёўскай малочнай кампаніі «Бабушкіна крынка» былі далучаны ААТ “Кіраўскі масларобчы завод”, ААТ “Бялыніцкі сыраробчы завод” і ААТ “Дрыбінскі масларобчы завод”. У канцы 2006 года ў “Бабушкіну крынку” ўвайшоў і “Касцюковіцкі малочны завод”. Паступова кампанія “Бабушкіна крынка” такім чынам становіцца холдынгам, што мае шэраг філіялаў па гарадах і мястэчках Магілеўшчыны. Дарэчы, за апошнія 10 год адбылася холдынгізацыя ўсёй краіны, аднак для прамысловасці гэты крок уладаў не стаў прагрэсіўным, а хутчэй наадварот адыграў негатыўную ролю. Былы маслазавод у Крычаве, а цяпер намінальна філіял ААТ “Бабушкіна крынка”, уключае таксама шэраг вытворчых памяшканняў, якія прастойваюць, бо ён практычна перастаў працаваць і даўно ўжо не выпускае ніякай прадукцыі. Цяпер прадпрыемства па-сутнасці ператварылася ў прыёмны пункт, а працуюць зараз, на месцы адносна стабільнага прадпрыемства ў мінулым, адзінкі людзей.
Надыйшоў час, калі варта вырашыць пытанне што рабіць з заводам, бо месца, дзе лакалізуецца завод даволі цікавае. У перспектыве памяшканні прадпрыемства маглі б выкарыстоўвацца розным спосабам. Нават самым арыгінальным. У ім не толькі можна працягваць рабіць малочныя прадукты, але і спалучыць з культурна-асветніцкай дзейнасцю. Як вышэй адзначалася, тэрыторыя маслазавода месца з гісторыяй і ў адным з памяшканняў можна арганізаваць невялічкі музейны пакойчык. Да таго ж побач стаіць цагляная ваданапорная вежа, што масава будаваліся ў 1960-х гг. Але ж цяпер яна перастала выконваць свае функцыі і магла б стаць зручнай агладнай пляцоўкай за навакольнай прыродай, бо блізка разляглася рэчка Сож, старыцы, а крыху далей размяшчаюцца лясы. Нават экскурсіі можна вадзіць, бо побач з заводам размешчаны адметны ўяздны знак і помнік абаронцам Крычава. Да і пра гісторыю абароны маста, яго знішчэнне і аднаўленне, маюцца досыць цікавыя звесткі.
Такім чынам, пры граматным выкарыстанні ўсіх магчымасцяў можна не толькі мець перспектыўны завод, што адпавядае інтарэсам крычаўлянаў, але і арганізаваць культурна-адукацыйную дзейнасць з паўнавартаснай экскурсіяй па самому прадпрыемству і вакольным мясцінам. На сёння ж былы масларобчы завод выглядае непрывабна, перспектывы для яго развіцця адсутнічаюць і аднаўляць вытворчасць малочных харчовых прадуктаў і напояў ніхто не збіраецца.
Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара