Надзвычай важнымі часткамі гарадской прасторы Крычава з’яўляюцца раёны “Цэмзавода” і “Вакзала”, якія крыху адасоблена размешчаны ад цэнтра горада (адміністрацыйны і культурны цэнтр яго старая частка “Горад” з гістарычнымі мясцінамі, хаця па заселенасці і колькасці насельніцтва на гэты статус можа прэтэндаваць раён “Мікрагарадка”).
Узніклі гэтыя раёны яшчэ ў даваенны час, калі быў пракладзены чугуначны шлях Ворша – Камунары і пабудаваны цэментны завод. Аднак масавае наданне вуліцам разнастайных найменняў адбылося ўжо ў пасляваенны час.
Масавае наданне патранімічных найменняў вуліцам раёна Цэмзавода і Вакзала адбывалася ўжо ў пасляваенны час, з аднаўленнем мірнага жыцця і працягу будавання камуністычнай дзяржавы “роўных”. Асабліва гэта тычыцца раёна, на ўзнікненне якога паўплывала пракладка чыгуначнага шляху. Там прыблізна 85% працэнтаў вуліц названы імёнамі розных вядомых асобаў. Канешне ж ва ўсёй гэтай вакханаліі з назвамі, можна вылучыць пэўныя тэндэнцыі і павевы.
Новым вуліцам, якія з’яўляліся разам з будаваннем дамоў для рабочых, трэба было даваць назвы. Каб не блытацца ў шматлікіх імёнах, якімі назвалі вуліцы іх варта падзяліць па групах, бо без пэўнай класіфікацыі складана разабрацца з гарадскімі тапонімамі. Шмат вуліц маюць імёны рускіх пісьменнікаў: Л.Толстой, І.Тургенеў, М. Некрасаў, І. Крылоў, М. Дабралюбаў, А. Кальцоў, М.Горькі, А.Пушкіна (“Пушкінская”), М. Лермантаў. Сюды ж можна аднесці двух сусветна вядомых рускіх кампазітараў М.Глінку і П.Чайкоўскага. Менш вядомымі, але значнымі асобамі з’яўляліся Клімент Цімірязеў – буйны навуковец, спецыяліст па фізіялогіі раслін і прапагандыст ідэй Дарвіна ў Расіі, а затым у СССР і К.Чапураў – савецкі украінскі мікрабіёлак, узнагароджаны Дзяржаўнай (Сталінскай) прэміяй. Сюды ж канешне варта дадаць і вуліцу С. Чалюскіна – вядомага рускага палярніка 18 стагоддзя.
Імёны вядомых рускіх палкаводцаў Кутузава і Суворава таксама прысутнічаюць у крычаўскай тапаніміцы. Не забылі нават і пра Пугачова – кіраўніка цэлай сялянскай вайны у Расіі і змагара за правы сялян. Аднак ваенныя дзеянні адбываліся за сотні і тысячы кіламетраў ад тэрыторыі Беларусі.
У часы БССР і на прасторах усёй савецкай дзяржавы была пэўная мода называць вуліцы імёнамі дзеячоў рэвалюцыйнага руху, Грамадзянская вайны, носьбітаў камуністычных ідэй іншых краін, так і сваіх галоўных змагароў за ідэалогію – Энгельс, Фрунзе, Шчорса, Арджанікідзе, Урыцкі, Свярдлоў, Чапаеў (бальшавік фіна-угорскай крыві). Адна з вуліц назваца ў гонар лідара нямецкіх камуністаў Эрнста Тэльмана, аднаго з галоўных палітычных супернікаў Гітлера ў свой час. Яшчэ адна вуліца названа імём самага вядомага балгарскага камуніста Георгія Дзімітрава.
Увесь шэраг пералічаных імёнаў сярод якіх шмат выбітнейшых людзей, па вялікаму рахунку, не звязаны з Беларуссю. Уласна з Крычавам ніводзін дзеяч, пісьменнік, рэвалюцянер гэтаксама не звязаны. Цэлы шэраг прозвішчаў рэвалюцыянераў, камуністычных дзеячоў на шыльдах вуліц у назалежнай Беларусі з’яўляюцца хутчэй перажыткам савецкай эпохі, чым ілюстрацыяй гісторыі краіны.
На прасторах прамыслова-транспартнай часткі горада таксама прысутнічаюць вуліцы, звязаныя з імёнамі героямі вайны.. Знакамітасць іх прозвішчаў можна падзяліць па масшатнасці: мясцовыя ці беларускія і агульнасаюзнай вядомасці. Сярод першай катэгорыі можна назваць ураджэнца вёскі Варанёва Мітрафана Карпекіна, які ўдзельнічаў у абароне г. Керч і Ганну Калабашнікаву – 16-гадвую дзяўчыну, што загінула ад рук нямецкіх салдат. Менавіта яна дапамагла ваенапалонным здзейсніць пабег з мясцовага канцлагера, які быў размешчаны на тэрыторыі цэментнага завода. Эрман Магон – генерал-маёр, што прымаў актыўны ўдзел у наступленні Цэнтральнага фронта недалёка ад Крычава, В.С.Цімчанка – маёр, пад кіраўніцтвам якога больш тысячы дзесантнікаў вялі баі за Крычаў ў ліпені 1941 года, але загінулі разам з камандзірам.
Яшчэ больш вуліц, што названы імёнамі змагароў з нямецкім войскам усесаюзнай вядомасці: В.П.Чкалаў – летчык і камбрыг, Герой СССР, С.М. Будзёны – маршал СССР, тройчы герой СССР, кавалер Георгіеўскага крыжа ўсіх ступеняў, І.Д.Чарняхоўскі – генерал арміі, двойчы герой СССР. А.М.Матросаў стаў героем СССР, калі закрыў сваім целам амбразуру нямецкага дзота і такім чынам даў байцам свайго ўзвода здзесніць атаку. А таксама Карбышаў Д.М. – генерал-лейтэнант, герой СССР, буйнейшы вучоны-інжэнер, Д.К.Малькоў – генерал-лейтэнант, герой СССР. Лётчык Гастела ўзнагароджаны званнем героя СССР пасмяротна, К. Варашылаў – рэвалюцыянер, партыйны дзеяч і ваеначальнік, маршал СССР. З часамі вайны звязвае нас і вуліца Перамогі, ля якой знаходзіцца маленькі парк з адпаведай назвай. Дарэчы, на сёння ў Крычаве існуе два парка Перамогі.
Дадае значнасці савецкай тапаніміцы да героікі ваенных часоў вуліца імя Ю. Гагарына – лётчыка, які паказаў высокі ўзровень савецкай касманаўтыкі. Да гэтай з’явы можна аднесці і вуліцу Касманаўтаў, назва якой сведчыць пра вялікасць савецкай сістэмы і нясе ідэалгічную функцыю.
Усё што звязана з беларускай гісторыяй і лакальнымі падзеямі ў часе гэта толькі вуліцы Янкі Купалы і Васіля Вашчылы, што знаходзіцца ў самым канцы горада (і раёна Цэмзавода таксама). Крыху выпадае з агульнага шэрагу імёнаў вуліца Т. Шаўчэнкі, талент якога, як кабзара украінскага народа, быў прызнаны за савецкім часам.
Прысутнічае некалькі вуліц з назвамі юбілейных дат кшталту “50 лет БССР” ці “50 лет ВЛКСМ”. Канешне ёсць вуліца “8 марта”, бо ў савецкай дзяржаве ганарыліся, што аднымі з першых у свеце канстытуцыйна замацавалі роўнасць мужчын і жанчын. Назвы з рабочымі найменнямі займаюць пэўную нішу тапонімаў: “Железнодарожная”, “Локомотивная”, “Механизаторов”, “Заводская”, “Трудовая”. Тут варта адзначыць, што падобныя назвы адпавядаюць сутнасці гэтых раёнаў і адлюстроўваюць іх спецыфіку. Існуе і вуліца Вазкальная і ажно тры завулкі з такой назвай, што звязаны з часамі ўзнікнення чыгункі. Назвы “Перездная” і “Шоссейная” не надта мілагучны на слых, хаця і паказваюць на сваё палажэнне на гарадской карце.
У структуры савецкай тапаніміка не можа не існаваць вуліцы Камуністычнай. А вось як у прасторы аднаго горада могуць суіснаваць два супрацьлеглых паняцці і наймення вуліц Артылерыйская і Міра гэта пытанне цікавае.
Ну і яшчэ трошачку савецкага трэшу вам у стужку. Сярод вуліц можна знайсці Зялёную, Алейную, нават Васільковую ці завулак Лугавы.. А на адной вуліцы жылі выключна ўдзельнікі прафсаюзаў (хаця ў савецкія часы павальна усе былі членамі арганізацыі) пагэтаму вуліцу прынята было назваць Прафсаюзаў.
Такім чынам, тапамічныя назвы адносна маладых раёнаў горада сведчаць пра тое, што шматлікасць урбонімаў звязаныя з савецкай і рускай гісторыяй, аднак практычна не звязаны з беларускай зямлёй. Варта адзначыць адзінкавасць найменняў, звязаных з беларускай гісторыяй і культурай. Пры гэтым невялікая частка найменняў паказвае спецыфіку раёнаў і немалая колькасць тапонімаў, звязаныя з падзеямі Другой сусветнай вайны.
Алесь Крыжэвіч