Галоўная » Крычаў: у былым будынку плябаніі адкрыўся адукацыйны цэнтр

Крычаў: у былым будынку плябаніі адкрыўся адукацыйны цэнтр

Зусім нядаўна ў двухпавярховым будынку ў старой частцы Крычава адчыніў свае дзверы адукацыйны цэнтр “Sunshine”.

Гэта арганізацыя з’яўляецца фактычна школай англійскай мовы, дзе будуць навучацца дзеці розных узростаў ад першага па адзінаццаты клас, весціся падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэставання і міжнародным іспытам. Больш за тое, прадугледжаны заняткі для дарослых. Важна адзначыць, што гэта першы прэцэдэнт выкарыстання памяшкання будынку за апошнія два дзесяцігоддзі.

Сённяшні двухпавярховы будынак, што знаходзіцца каля раённага ваенкамату, колісь быў аднапавярховай плябаніяй (плябанія – двор святара). Пасля разбурэння каталіцкага храма ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудаваць. Менавіта на старым фотаздымку 1927 года рынкавай плошчы Крычава плябанія бачна як аднапавярховы будынак з высокім дахам. Аднак пасля перабудавання яна стала двухпавярховым будынкам, у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчалася прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты.

Будынак плябаніі-пошты стаяў закінуты з 1990-х, бо пасля знікнення СССР паштамт хутка знік. У пачатку 2010-х гг. будынак былой плябаніі быў выкуплены мясцовым прадпрымальнікам, у ім пачаліся будаўнічыя работы: пафарбаваныя сцены, пастаўленыя шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся нават як інтэрнат для часовых рабочых, што працуюць на будоўлі новага цэментавага завода каля Крычава. На сённяшні дзень будынак займеў новае функцыянальнае прызначэнне і, магчыма, будзе выкарыстаны таксама іншымі арганізацыямі і прафесійнымі групамі.

 Алесь Крыжэвіч