Гісторыя з выклікам вечарам 25 сакавіка ў Крычаўскі РАУС галоўнага рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага атрымала нечаканы працяг.
Нагадаем, што вечарам 25 сакавіка Сяргея Няроўнага выклікалі ў Крычаўскі РАУС, каб вынесці чарговае пісьмовае папярэджанне, ужо чацветае па ліку. Чаму журналіст лічыцца такім злосным правапарушальнікам, нам невядома. Магчыма, толькі таму, што дазваляе сабе пісаць і казаць праўду аб крычаўскіх рэаліях.
Копію папярэджання, якое падпісаў Няроўны, 25 сакавіка яму так і не далі. Таму ўжо 26 сакавіка журналіст пайшоў у Крычаўскі РАУС, каб усё ж атрымаць на рукі гэты цікавы дакумент, бо, як пісалі класікі, “рукапісы не гараць”.
І вось тут адбылася проста гідкая гісторыя, якая на сам рэч характэрызуе сапраўднае стаўленне да законнасці і да журналістаў з боку даблесных крычаўскіх міліцыянтаў. Пакуль Няроўны ў файе РАУС чакаў, калі ж яму прынясуць абяцаную копію дакумента, туды зайшоў начальнік Крычаўскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Валер’евіч Лазаковіч.
Застаецца загадкай, чым так ненавісны Лазаковічу Сяргей Няроўны, але сказаў міліцэйскі начальнік журналісту прыкладна наступнае: “Няроўны, дакуль вы будзеце пісаць рознуе ерунду на 6tv.by, у мяне месца ў падвале хапае”. І пайшоў далей, як ні ў чым не бывала.
Можна толькі ўявіць, што адчуў законапаслухмяны журналіст, пачуўшы такое ад чалавека, які павінен забяспечваць выкананне закона на тэрыторыі ўсяго Крычаўскага раёна. Пры тым, што дзяжурны па РАУС чамусьці “нічога не чуў”.
Але ж ёсць маленькі нюанс, у файе РАУС павінна весціся відэа- і аўдыязапіс, пра што ёсць адпаведнае папярэджанне. І Няроўны добра памятае, што сваё меркаванне наконт журналістаў і падвала падпалкоўнік Лазаковіч выказаў прыкладна ў 11:23.
Прыйшоўшы да хаты, журналіст пачаў адразу тэлефанаваць у пракуратуру Крычаўскага раёна. У рэшце-рэшт яму ўдалося паразмаўляць з пракурорам Крычаўскага раёна Леанідам Палевічам, які паабяцаў разабрацца ў сітуацыі.
Ужо вечарам 26 сакавіка пракурор патэлефанаваў Няроўнаму і паведаміў, што Лазаковіч пагарачыўся, бо яму, нібыта, “паднялі нервы”, і ён выбачаецца за неабдуманыя словы. Разам з тым Леанід Палевіч папярэдзіў, каб Няроўны таксама не парушаў закон.
Здаецца, інцыдэнт вычарпаны. Але ў мяне асабіста застаецца некалькі пытанняў.
Пагражаць журналісту падвалам – тое яшчэ дасягненне. Хлопцы, можа вы нас проста растраляеце, як вашыя папярэднікі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя? І тады будзеце жыць шчасліва, глядзець БТ, чытаць “Кричевскую жизнь”, захапляючыся чарговымі выступамі “Чалавека года” Магілёўшчыны Ірыны Пруднікавай і палымянай камуністкі Зінаіды Скачковай.
І жыццё ў Крычаве настане, як у беларускім тэлевізары, – “заквітнее” усё, вырастуць заробкі, прывагі і надоі, і багатыя і шчаслівыя крычаўляне будуць дзякаваць ідэолагам і міліцыянтам за магчымасць не сесці ў падвал…
Калі ж пісаць сур’ёзна, то ёсць простая ісціна, – журналісты – не злачынцы. Яны паказваюць рэальнае жыццё такім, як яго бачаць. Больш за тое, наступ на свабоду слова ва ўсіх выпадках заканчваецца адным варыянтам, – краіна проста ператвараецца ў канцэнтрацыйны лагер.
“Магілёўскі рэгіён” у свой час шмат пісаў пра канфлікт у тым жа Крычаўскім РАУС, калі адтуль звольнілі Ігара Вусіка і іншых супрацоўнікаў ААПП. Дык вось, абодва бакі канфлікту пазней прызнавалі, што выданне давала інфармацыю ўзважана і аб’ектыўна.
Калі Андрэй Лазаковіч хоча выказаць сваю пазіцыю наконт падзей у Крычаве і расказаць аб працы мясцовых міліцыянтаў, мы заўсёды гатовы апублікаваць яго меркаванне на старонках нашага інтэрнэт-партала. Таксама як і матэрыялы іншых крычаўскіх праваахоўнікаў і прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі.
Іван Барысаў