Галоўная » Крычаву спаўняецца 885 год

Крычаву спаўняецца 885 год

Сёлета ўсходнебеларускаму гораду Крычаву спаўняецца 885 год. Першы пісьмовы ўпамін пра Крычаў змяшчаецца ў статуце князя смаленскага Расціслава Мсціславіча і датуецца 1136 годам. Праўда ў статаце згадваецца “Кречют”, што стварае пэўныя пытанні наконт адпаведнасці назвы раннесярэднявечнаму паселішчу. Тым не менш, археалагічныя даследванні гісторыка і археолага Андрэя Мяцельскага паказалі, што паселішча на тэрыторыі сучаснага горада ў 12 стагоддзі ўжо сапраўды існавала.

У ХІІ — сярэдзіне ХІV стст. горад знаходзіoся ў складзе Cмаленскага княства. У 1358 годзе Крычаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага , дзе ўвайшоў у склад Мсціслаўскага княства. У ХІV—ХVІІІ стст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні, якія, між іншым, былі пашкоджаны ў мінулым годзе дзякуючы шкодным дзеянням мясцовага святара, пра што пісаў Магілёўскі рэгіён (https://old.6tvby.media/fenomen-ljubovi-da-maloj-radzimy-krychave/).

Існуе некалькі версій паходжання тапоніму «Крычаў». Паводле адной з іх, ён утварыўся ад слова «крычнае» (што азначае прафесію) або «крыца», «крычнае жалеза» — назваў балотнай жалезнай руды, якой было багата ў наваколлі. Іншая версія звязвае назву горада з крывічамі.

Пра старажытнасць горада сведчаць гарадзішчы Замкавая гара і Гарадзец, якія з’яўляюцца гарадскімі адметнасцямі і каштоўнымі археалагічнымі аб’ектамі.  Між іншым абодва аб’екта ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (3-я катэгорыя каштоўнасці).

 Алесь Крыжэвіч