Галоўная » Крыху аб датах. Ці мусіць адзначацца 23 лютага ў Беларусі?

Крыху аб датах. Ці мусіць адзначацца 23 лютага ў Беларусі?

Два тыдня таму ў Беларусі чарговы раз на афіцыйным узроўні адсвяткавалі 23 лютага як Дзень абаронцы Айчыны.

Многія беларускія жанчыны павіншавалі сваіх мужчын з гэтым днём, падаравалі ім шмат пацалункаў і пену для галення з святочнай паштовачкай, ва ўніверсітэтах і школах адбыліся забаўляльныя і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, а салдаты ў “святочны дзень” змаглі адпачнуць ад цяжкіх вайсковых будняў. Для большасці – гэта свята ў гонар мужчын, якія павінны абараняць сваіх каханых, свае сем’і і сваю Радзіму. Нават Святлана Ціханоўская, якая лічыцца адным з апазіцыйных лідараў, хто супрацьстае нелегетымнану рэжыму Лукашэнкі, аб’явіла 23 лютага днём герояў перамен. Г.зн. што дата засталася нязменнай, а ёсць спроба змяніць сэнс і напаўненне адметнай календарнай даты.

 

Але ці з’яўляецца дата 23 лютага сапраўды важнай падзеяй у беларускай гісторыі?

Гэтую “гераічную” дату мы атрымалі ў спадчыну ад СССР. У савецкія часы па ўсёй вялікай краіне 23 лютага адзначаўся як “Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флота” і звязваўся з падзеямі 1918 г. Гэты дзень у савецкай гістарычнай літаратуры вызначаўся падзеямі 1918 г., калі першыя вайсковыя фармаванні бальшавікоў далі рашучы адпор нямецкім салдатам пад Псковам. Дастаткова крыху пакорпацца ў інтэрнеце для таго, каб зразумець, што дата “зацятага змагання” міфічная і ніякім чынам не звязана з беларускай арміяй, да і рашучага адпору ворагу маладыя вайсковыя фармаванні РСЧА (Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія) не аказалі.

Як вядома, Часовы ўрад быў звергнуты камуністамі падчас ўзброенага паўстання 25-26 кастрычніка (7 – 8 лістапада па новым стылі) і адпаведна кіраванне арміяй на франтах Першай сусветнай вайны было ў іх руках. 4 снежня 1917 года ў мястэчку Солы пад Смаргонню немцы і бальшавікі заключылі перамір’е на Усходнім фронце на два месяцы. Пасля заканчэння тэрміну міра 18 лютага было распачата чарговае наступленне нямецкіх войскаў на пазыцыі рускіх войскаў. 21 лютага нямецкія палкі ўзялі Рэжыцу і Дзвінск (сённяшнія латышскія гарады Рэзэкнэ і Даўгаўпілс). 23 лютага нямецкія вайсковыя часткі ўвайшлі ў Пскоў і ўжо ўвечары 24 лютага авалодалі горадам цалкам. Такім чынам, практычна ніякага супраціву савецкія фармаванні не змаглі аказаць кайзераўскім салдатам. Захапіўшы Пскоў, Талін і Тарту немцы 25 лютага спынілі сваё наступленне.

Дата 23 лютага важна і тым, што ў гэты дзень нямецкі ўрад адправіў ультыматум Леніну, які бальшавікі ў ноч на 24 лютага прынялі на ўмовах праціўніка. Такім чынам, бальшавікі не перамаглі немцаў, а капітулявалі перад імі.

Што ж адбывалася ў гэты час на беларускіх зямлях? Як вышэй адзначалася, прыкладна 18 лютага 1918 г. пачалося наступленне па ўсёй лініі Усходняга фронта. Менск немцы занялі без бою 21 лютага, 25 лютага немцы занялі Барысаў. Бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з А.Мясніковым разам з салдатамі ратаваліся ўцёкамі ў Смаленск. Цікава, што немцы не мелі вялікай колькасці салдат на Усходнім фронце, бо большая частка палкоў была перакінута на Захад, дзе яны цярпелі паразу за паразай і наступы на гарады былой Расійскай імперыі здзяйснялі невялікімі атрадамі, часта з 100-200 чалавек, якім бальшавікі не маглі супрацьстаяць і сыходзілі з гарадоў.

Вядомая многім дата 3 сакавіка 1918 г., калі была падпісана Брэст-Літоўская мірная дамова, па якой беларускія землі па лініі Дзвінск-Ліда-Пружаны-Брэст-Літоўск адыходзілі да Германіі, а частка Беларусі на поўдзень ад Палескай чыгункі (большая частка сённяшніх Брэсцкай і Гомельскіх абласцей) перадавалася УНР (Украінская народная рэспубліка). Нават пасля падпісання дамовы немецкія войскі амаль год знаходзіліся ў Менску і сышлі толькі ў снежні 1918 г. пасля лістапаўскай рэвалюцыі ў Нямеччыне і аб’яўленні Веймарскай рэспублікі (9 лістапада), а ў хуткім часе (11 лістапада) і падпісанай капітуляцыі Нямеччыны ў Камп’енскам лесе (Францыя). Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай Кампьенскае мірнае перамір’е. Толькі пасля карэнных зменаў у краіне, нямецкія ўлады вывелі свае войскі з беларускай зямлі.

Хіба гэтыя ганебныя падзеі мы мусім святкаваць, калі “народныя выбранцы” нават не паспрабавалі абараніць беларускія землі, далі немцам прайсці на ўсход да Быхава і Магілёва і як апошнія шакалы ўцякалі, пачуўшы навіну пра наступленне кайзераўскай арміі? Мы бачым, што дата 23 лютага 1918 г. да ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь ніякага дачынення наогул не мае.

 

Тады калі беларусам адзначаць Дзень абаронцы Айчыны?

Волею лёса менавіта  на 23 лютага 1944 г. у гісторыі рэспублікі прыпадае яшчэ адна дата – прычым таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай. Паводле загада генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга ў гэты дзень пачала стварацца Беларуская Краёвая Абарона (БКА) – вайсковае фарміраванне для барацьбы супраць бальшавізму. Аднак прапанова па святкаванню гэтага дня зусім не ўкладваецца ў галаве, бо хоць гэткія беларускія часткі ваявалі супраць камуністаў, але нацысты былі не меншым злом для беларусаў. Карацей, дата вельмі спрэчная і наўрадці такое напаўненне зможа быць ўспрынята большай часткай людзей у нашай краіне.

Многія нацыянальна-патрыятычна настроеныя людзі прапануюць святкаваць Дзень беларускай вайсковай славы, як гэта было зроблена 8 верасня 1992 годзе, калі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу на плошчы Незалежнасці ў Менску ўрачыста прысягнулі на вернасць роднай краіне і народу. Менавіта 8 верасня 1514 года адбылася вядомая падзея, калі 30-тысячнае войска ВКЛ, пад кіраўніцтвам гетманам Канстанціна Астрожскага, разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска на рацэ Крапіўне ля Воршы.

Некаторыя прапаноўваюць зрабіць 27 лістапада Днём беларускай васковай славы, калі ў 1920 годзе ўспыхнула самая масавае на Беларусі антыбальшавіцкае Слуцкае паўстанне.

Варта сказаць, што нават дата 3 ліпеня, якая з’яўляецца афіцыйным Днём незалежнасці Беларусі нашмат болей пасуе з пункту гледжання гісторыі і здаровай логікі для святкавання дня беларускіх узброеных сілаў, чымся 23 лютага.


Калі святкуюць Дзень абаронцы Айчыны ў суседніх краінах:

  • У Латвіі святкуецца свой дзень абаронцы Айчыны. Ён называецца день Лачплэсіса (Lāčplēša diena) альбо днём памяці паўшых герояў. Гэты дзень звязаны з наступленнем германа-рускіх войскаў Бярмонта-Авалава (Заходняя добраахвотніцкая армія) на Рыгу ў 1919, што было адбіта нацыянальнымі ўзброеннымі фармаваннямі маладой латышскай дзяржавы.
  • У Літве Дзень Узброеных сіл святкуюць 23 лістапада, бо менавіта ў гэтую дату ў 1918 годзе тагачасны прэм’ер-міністр Літвы Вальдэмарас падпісаў загад, які паклаў пачатак фармаванню літоўскага войска.
  • Ва Украіне пасля распаду Савецкага Саюза з 1993 г. днем Узброенных сілаў Украіны стаў дзень 6 снежня, калі ў 1991 г. Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон “Аб Узброеных сілах Украіны”. Разам з тым у 1999 г. “Днём захисника Вітчизни” указам Кучмы Л. стаўся дзень 23 лютага. Рэзкія змены цягам апошніх гадоў палітычнай абстаноўкі ў краіне запусцілі імклівыя працэсы дэсаветызацыі і ўкраінізацыі. На хвалі гэтых працэсаў былы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў 2014 г. прымае рашэнне адмяніць дату 23 лютага як Дзень абаронцы Айчыны і прызначыць яго на 14 кастрычніка. Гэта дата лічыцца патачкам заснавання УПА (Украінскай паўстанцкай арміі) і днём украінскага казацтва.
  • Нават ў Малдове, дзе да нядаўняга часу моцныя пазыцыі займалі мясцовыя камуністычная партыя і партыя сацыялістаў, а яе лідары Уладзімір Варонін і Ігар Дадон былі прэзідэнтамі краіны, Дзень нацыянальнай арміі Малдовы адначаецца 3 верасня. Гэта дата звязана з падпісаннем першага прэзідэнта Малдовы Мірча Снегура ўказа ў 1991 г “Аб утварэнні узброеных сілаў”.

Алесь Крыжэвіч