Вёска Кулікоўка-1, куды адправілі майго тату адпрацоўваць пасля сканчэння Магілёўскага педінстытута, падзяліла лёс шматлікіх беларускіх вёсак, якія пасля Чарнобыльскай трагедыі назаўсёды зніклі. Слаўгарадскі раён, між іншым, з’яўляецца адным з самых забруджаных у Магілёўскай вобласці.
Да 1986 года ў Слаўгарадскім раёне пражывала больш за 24 тысячы чалавек, але пасля аварыі на ЧАЭС практычна ўся тэрыторыя трапіла пад радыяктыўнае забруджванне. На сённяшні дзень насельніцтва раёна амаль удвая меншае. На скарачэнне насельніцтва старажытнай Прапойшчыны, натуральна, моцна паўплывала Чарнобыльская трагедыя.
Адразу пасля аварыі на ЧАЭС былі адселены толькі дзве вёскі. Масавае адсяленне жыхароў пачалося ў 1989 годзе. За пяць год населеныя пункты раёна прыйшлося пакінуць тысячам сямей, якія з’ехалі ў Магілёў, Мінск, Дрыбінскі, Бабруйскі і Кіраўскі раёны. У 1995-м годзе на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна ліквідаваны некалькі калгасаў і тры сельсавета. Наогул на Прапойскай зямлі пастрадалі ад аварыі на ЧАЭС 26 вёсак, 16 з іх былі цалкам выселены і зніклі назаўсёды: Бахань, Добры Дуб, Кульшычы, Пчэльня, Запалянне, Дубраўка, Жаролы, Кашалёва, Дабранка, Красная Слабада, Рабінаўка, Селіўча, Старынка, Сяргееўка, Кулікоўка-1, Кулікоўка-2. Апошнія два паселішча выселены былі толькі ў 1991 годзе і канчаткова зніклі з карты Слаўгарадскага раёна. Між іншым Кулікоўка-1 і Кулькоўка-2 яшчэ мелі варыянтныя назвы – Кулікоўка Старая і Кулікоўка Новая. Кулікоўка Старая была вядома яшчэ з 18 стагоддзя, у 1783 годзе налічвала 33 двары з 341 жыхаром. Кулікоўка Новая вядома з другой паловы 19 ст., у 1873 годзе налічвала 173 жыхара. Значна пазней, у 1926 годзе, Кулікоўка Новая налічвала ўжо 611 жыхароў, а Кулікоўка Старая была ў тыя часы ў два разы менш – 306 жыхароў. Дарэчы, паводле падання, назвы вёсак паходзяць ад таго, што ў гэтых мясцінах вялося мноства птушак кулікоў.
У цэнтры вёскі Кулікоўка 1-я ў 1955 годзе быў пастаўлены абеліск, дзе пахаваны 20 жаўнераў, якія памерлі ў 1943 годзе ў шпітале ад ран. У гэтай жа вёсцы была сельская школа, у якой адпрацоўваў мой тата ў 1987-1990 гг. Цяпер пра той час нагадваюць толькі фотаздымкі педагогаў навучальнай установы на фоне вышэй прыгаданай стэлы і на ганку школы з сямейнага архіву. Кнігі са школьнай бібліятэкі з адпаведным бібліятэчным штампам таксама нагадваюць, што калісьці Кулікоўка-1 была жывым паселішчам. Цяпер ад вёскі нічога не засталося, як і ад школы і помнікаў, якія знаходзіліся ў цэнтра вясковага паселішча. Толькі голае поле, якое парасло дрэвамі і кустоўем, а ад вёскі няма нават і сляда….
У 1996 годзе ў памяць аб гэтых падзеях у Слаўгарадзе была адкрыта мемарыяльная алея ў памяць аб пахаваных вёсках, якія пацярпелі ад ЧАЭС. У той час адноснай дэмакратыі рэалізацыя падобных ініцыятыў была магчымая, цяпер жа гэта немагчыма ўявіць… Кулікоўка – гэта ўвасабленне той трагедыі, што адбылася ў Слаўгарадскім раёне і ва ўсёй Беларусі ад бяздарнасці, цынізма і крывадушнасці камуністычных уладаў.
Алесь Крыжэвіч