Нядзельная онлайн размова з магілёўскім лекарам, пісьменнікам, бардам і вандроўнікам Васілём Аўраменкам пра ковід і літаратуру.
Васіль, ведаючы цябе шмат гадоў, я безумоўна знаю тваю рознабаковасць, шматлікасць захапленняў, разнастайнасць накірункаў прыкладання намаганняў: ты і лекар, і пісьменнік, і паэта, і бард, і вандроўнік, і дачнік, і іншае, іншае, іншае… Але застаецца пытанне, хто ж ты насамрэч для сябе самога?
- Я – чалавек які шукае. Шукае адказы на старыя пытанні, на якія адказвалі іншыя. І новыя – пытанні, праблемы, магчымасці. Вось нават і цяпер я шукаю… і не магу знайсці адказ – хто я? Якое захапленне ці якая іпастась у ва мне галоўная? Пакуль я шукаю … Я – чалавек пошуку, чалавек – руху. Зусім нядаўна я зразумеў старую ісціну: рух – усё, мэта – нішто. Каб жыць доўга ці жыць цікава – жывіце ў руху.
Жадаю табе нарэшце знайсці сябе, а дакладней асэнсаваць свае захапленні і свой шлях.
Жыць доўга і жыць цікава хацелі б напэўна ўсе, але, калі ласка, удакладні, што значыць для цябе “жыць у руху”?
- Самы просты адказ (лекарскі) – рухацца фізічна : праходзіць 7 км у дзень, рабіць гімнастыку, круціць педалі ровера і г.д. … Але найперш я кажу пра рух душы, інтэлектуальны пошук, змену заняткаў: ад чытання да думання, ад думання да пісання, ад пісання да сузірання альбо музіцыравання, ад музыкі да копкі градаў альбо колкі дроваў. Ці якая іншая праца з дрэвам – таксама занятак для душы. Дрэва – і жывое, і мёртвае – цэлая філасофія! І душа ў яго таксама ёсць.
Паколькі ты сам перайшоў да лекарскага чынніка свайго жыцця, то задам пытанне табе, як доктару: Як неўрапатолаг ацэньвае сітуацыю ў медыцыне ў найцяжэйшых умовах сусветнай пандэміі?
- Як трывожную (мякка кажучы). Бо на эпідэмію наклалася праблема з кадрамі: паралельна з вялікай нагрузкай на сістэму аховы здароўя адбылося прыкметнае скарачэнне колькасці медработнікаў. З розных прычын: тут і высокая смяротнасць сярод медыкаў у першую і другую хвалю, і прыкметны сыход з прафесіі пенсіянераў, і эміграцыя маладых, і рэпрэсіі ды забарона на прафесію пасля жніўня 2020 года. Уплывае на стан і працаздольнасць медперсаналу і хранічная псіха-эмацыянальныя перагрузка (так званы сіндром “выгарання”), які расцягнуўся на 1,5 гады. Не спрыяе вырашэнню праблемы і афіцыйная ковід-дэссідэцкая палітыка ўлады, і адсутнасць адэкватнай статыстыцы, і недастатковае (апошнім часам) фінансаванне сістэмы аховы здароўя.
Што тады рабіць простым магілёўцам, калі сітуацыя такая складаная?
- Вакцынацыя, мінімалізацыя кантактаў, апрацоўка рук, карыстанне маскамі ды бяспечнае дыстанцыяванне ў грамадскіх месцах. Панацэі тут няма, і нічога лепшага ў свеце пакуль не прыдумалі.
Добра, давай перайдзём да справаў творчых.
Як табе пішацца ў кавідныя часы? Ці прыходзіць натхненне?
- Мінулагодні стрэс ці нават шок (я канечне не пра ковід) не спрыяў творчасці, асабліва пісанню. Для мяне важна ўнутраная раўнавага між эмоцыямі і думкамі, магчымасць як бы ўнутранага “саманазірання”. А з мінулага лета і бадай па вясну эмоцыі зашкальвалі, напачатку станоўчыя, а потым адмоўныя, але занадта ж моцныя, каб на чымсьці сканцэнтравацца. А потым было лета, гэтая афрыканская спёка, якая забівае ўва мяне любую актыўнасць, а разумовую – у першую чаргу. Калі мазгі “плавяцца” ад сквару і задухі – яны нічога не нараджаюць. Як я не зайздрошчу жыхарам тропікаў. Як цудоўна, што я там не жыву! А ўжо бліжэй да восені здаецца пайшоў станоўчы зрух, стала пісацца (націск на другім складзе). Дарэчы, верасень – кастрычнік мая любімая пара. І пра гэта нядаўна напісалася адно эссэ …
Ці можаш падрабязней прыпыніцца на творчых справах і задумах.
- …справы, планы, задумы…А ведаеш, калі я скажу, што планую напісаць трэцюю кніжку, першую блюз-оперу і атрымаць Нобеля! Толькі за што??… за музыку Нобеля не даюць. Мо за літаратуру? Не, …лепш за мір!. За беларускі мір ва ўсім Беларускім Свеце!! Вось так і не менш. І ты мне, бачу, не верыш? А гэта можа быць мае сапраўдныя планы (ці мары?) на будучае дзесяцігоддзе… Ну, калі ж пра што бліжэйшае,… то: хачу дапісаць ужо пачатае, даспяваць недаспетае і дапіць недапітае. Калі жонка не пагоніць зноў у гарод перакопваць грады. Гэта таксама ў маіх планах, толькі ўжо ў вытворчых. А ўвогуле, дзяліцца планамі – кажуць кепская прыкмета, могуць не збыцца. Дарма я, напэўна, пра Нобеля сказаў, ды што зробіш, ужо позна … Слова не верабей, гэта я – варона.
- Фота
Ты – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, але самая сталая творчая арганізацыя Беларусі была сёлета ліквідавана па рашэнню ўладных структур. Як на гэта адрэагавалі пісьменнікі, і ці плануюць супрацоўнічаць былыя члены саюзу ў нейкай новай форме?
- На жаль, я не сябра СБП, хоць удзельнічаў у альманаху “Брама”, іншых выданьнях саюза, але фармальна ўступіць нейк не сабраўся. Ліквідацыя пісьменніцкай арганізацыі гэта жах і “ужас”, як і ліквідацыя любой жывой сацыяльнай структуры, якая мусіць быць у культурным, цывілізаваным грамадзтве, калі ёсьць людзі якія думаюць, маюць сваё меркаваньне, умеюць яго выказаць пісьмова ці публічна. Пісьменьнікі, канечне, менш пісаць не стануць, але выдавецкая дзейнасьць і афіцыйныя публічныя мерапрыемствы СБП пакуль прыпынілася. Чарговая “Брама” сёлета таксама не пабачыць сьвет. Як існаваць далей, якія новыя формы кантакту з чытачамі? Гэта пакуль абмяркоўваецца і абдумваецца.
Дарэчы, а хто твае найбольш любімыя і найбольш шаноўныя беларускія пісьменнікі?
- Як не дзіўна (альбо ўсё ж сорамна?) сказаць – я чалавек не надта начытаны ў мастацкай, у тым ліку і беларускай літаруры. Чытаю спарадычна, бессістэмна, хутчэй тое, што трапіць у рукі ці на вочы. Таму маю вялікія прагалы і не лічу сябе добрым знаўцам літаратурных ландшафтаў. Хацелася б чытаць больш і шырэй, але не на ўсё хапае часу. Крыху лепш ведаю паэзію. З паэтаў выдзяліў бы Разанава (усяго), поздняга Барадуліна (кніга “Ксты” – паэзія бадай геніяльная), Чэслава Мілаша (на жаль, чытаў толькі ў беларускім перакладзе). Празаікі: класіка -Быкаў, Мележ, Караткевіч (ды вось недаўна патрапіў і на караткевічавы вершы – самабытная, рамантычная паэзія); вельмі паважаю свайго земля Андрэя Федарэнку, цікавы А.Глобус, а надоечы адкрыў для сябе Віктара Казько, яшчэ аднаго палешука; з маладзейшых – актуальная і займальная проза ў Віктара Марціновіча, варты ўвагі, няпросты, але глыбокі А. Бахарэвіч, але яго чытаў пакуль нешмат.
Васіль, якое пытанне ты хацеў бы задаць сабе сам, і як бы ты на яго адказаў?
- Ой, у мяне столькі да сябе ёсьць пытаньняў, не адзін і не два дзесяткі! Нарадзілася нават такая філасофска-займальная нізка – “Пытаньні з адказамі і без”, толькі не хапае часу яе скончыць. Ну, вунь зноў: мая муза з граблямі з’явілася … Між іншым, апошняе папярэджаньне! Пакуль амаль у літаратурнай форме. Так што, да хуткай сустрэчы, да новых адказаў на новыя пытаньні. Мяне чакае агародная творчасьць!
Васіль, дазволь пажадаць табе здароўя. Сёння гэта актуальнае пажаданне нам усім, і, вядома ж, новых творчых удач і плёну ў дачных справах.
Алесь Верасень