Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Ірына Ланчава прызнала Аляксандра Буракова (малодшага) вінаватым па арт. 23.34 КаАП. Журналіст нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 мая пад магілёўскім ІЧУ, і за гэта яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, суд пачаўся ў 17-30 у судзе Ленінскага раёна Магілёва, ён быў, па сутнасці, таемным. У памяшканне, дзе адбываўся суд, не дапусцілі ні Барыса Бухеля, ні бацькоў Аляксандра Буракова. Бацькі паспелі перадаць А.Буракову перадачу, адбываць пакаранне журналіст будзе ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі А.Буракова сёння каля 11-00 раніцы на здымнай кватэры. Аляксандр Буракоў ведаў, што яго шукаюць супрацоўнікі міліцыі, таму некалькі дзён не выходзіў з дому. Але ў пятніцу раніцай міліцыянты з’явіліся ў кватэры разам з гаспадыняй жылля і затрымалі журналіста.
Аляксандр Буракоў (малодшы) з’яўляецца журналістам магілёўскага праваабарончага рэсурсу mspring.online. У якасці журналіста гэтага інтэрнэт-сайта ён актыўна ўдзельнічаў ў асвятленні падзей, якія мелі месца ў Магілеве 5-6 мая, і былі звязаны з прыездам у горад вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.
Аляксандр Буракоў (малодшы) – ужо чацверты магілёўскі журналіст, які быў пакараны арыштам за асвятленне акцый ў падтрымку Ціханоўскага. Раней па 10 сутак арышту атрымалі журналісты Алесь Асіпцоў і Аляксандр Буракоў (старэйшы), відэааператар і блогер Міхаіл Аршынскі быў пакараны 21 суткамі арышту.
Агулам пасля затрымання блогера Ціханоўскага 6 траўня за тры дні па ўсё краіне затрымалі ці выклікалі ў міліцыю для складання пратаколаў прыкладна 120 чалавек, інфармуе ПЦ “Вясна”.
Іван Барысаў