Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указы № 293 і № 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года, паведамляе прэс-служба “прэзідэнта”.
Указамі прадугледжана, што ЦВК у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі арганізуе правядзенне выбараў і ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах.
Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы павінны не пазней за 8 кастрычніка 2019 года правесці вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі і забяспечыць выкананне іншых аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.
У сваю чаргу дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі павінны забяспечыць выкананне аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Савету міністраў даручана забяспечыць фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне абодвух выбараў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні.
Паводле ацэнак адмыслоўцаў, прыйзначэньне выбараў парламента раней за вызначаны канстытуцыяй тэрмін ёсьць нахабным і грубым парушэньнем асноўнага закону краіны: насуперак канстытуцыі, тэрмін паўнамоцтваў парлямэнта скарочаны на некалькі месяцаў без законных падставаў.
“Дэкляраваныя Лукашэнкам тэрміны правядзеньня парлямэнцкіх выбараў супярэчаць Канстытуцыі. Для таго, каб правесці выбары за год да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў Парламента, павінны быць прадугледжаныя абавязковыя абставіны, якія пазначаныя ў артыкуле 94 Канстытуцыі. І такія падставы маюць вычарпальнасць, не таму што прэзідэнту захацелася, а таму што ў краіне здарыліся пэўныя моманты – кажа правабаронца Уладзімір Лабковіч – Мы маем справу з сітуацыяй, калі нормы Канстытуцыі наўпрост ігнаруюцца і парушаюцца”.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у размове з belsat.euпадкрэсліў: у партыі цудоўна разумеюць, што выбараў у Беларусі няма, аднак гэтую палітычную кампанію трэба выкарыстаць для працы з насельніцтвам.
21 верасня адбудзецца з’езд Партыі БНФ, дзе і будуць вылучаны кандыдаты ў дэпутаты. Цяпер ідзе фармаванне гэтага спісу.
«Нядаўна адбылося паседжанне паліткамісіі, мы папярэдне абмяркоўвалі патэнцыйны спіс кандыдатаў. На сённяшні дзень у спісе знаходзяцца больш за 90 сябраў Партыі БНФ», – кажа палітык.
Фармаваць супольны з іншымі апазіцыйнымі партыямі спіс кандыдатаў у дэпутаты БНФ не збіраецца. Паводле Кастусёва, супраца будзе абмежаваная кампаніяй па назіранню «Права выбару».
Нагадаем, у Палаце прадстаўнікоў засядае 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў аднамандатных выбарчых акругах. Права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты маюць зарэгістраваныя палітычныя партыі, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў.