Праваабаронцу і аднаго зь лідэраў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава, прызнанага палітвязьнем, адправілі ў калёнію агульнага рэжыму на 2 гады за ўхіленьне ад адбываньня пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу (арт. 415 КК).
Цурпанаў будзе асбскарджваць прысуд, паведамляе Радыё Свабода.
Падставай для крымінальнага перасьледу асуджанага на тры гады «хіміі» актывіста сталі дысцыплінарныя спагнаньні за парушэньне ўнутранага распарадку.
Працэс праходзіў у судзе Круглянскага раёну пад старшынствам судзьдзі Дзьмітрыя Сасноўскага. Дзяржаўнае абвінавачаньне прадстаўляў пракурор раёну Міхаіл Андросенка. Падсудны бараніў сябе сам.
У апошнім слове Валадар Цурпанаў заявіў, што яго незаконна і несправядліва ўзялі пад варту. Ён назваў інкрымінаваны яму артыкул «рудымэнтам гулагаўскай сыстэмы пакараньня», які мае быць скасаваным.
Цурпанаў лічыць, што ягонае зьняволеньне зьяўляецца помстай за тое, што ён дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гораду і вобласьці, на якой агучыў патрабаваньні пратэстоўцаў. Згадаў, што «край знаходзіцца ў працэсе негвалтоўнай рэвалюцыі», мэта якой палягае ў выбудоўваньні беларускай дзяржавы, і гэта, настойваў ён, абумовіла яго зьняволеньне.
За падтрымку ў няволі Цурпанаў падзякаваў жонцы, сваякам, калегам-праваабаронцам, а таксама сябрам ды шматлікай грамадзе тых, хто дасылаў яму лісты.
На самім працэсе падсудны віны не прызнаў і настойваў, што «сьледзтва ў ягонай справе не было». Справу Цурпанаў назваў сфабрыкаванай і прасіў суд спыніць крымінальны перасьлед праз адсутнасьць складу злачынства.
Валадар Цурпанаў адбываў пакараньне за абразу дзьвюх магілёўскіх судзьдзяў Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанкі. У Круглянскай папраўчай установе № 46 актывіст прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 году. За гэты час на яго наклалі тры спагнаньні і паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці.
Паводле абвінавачаньня, дысцыплінарныя спагнаньні на Цурпанава накладаліся за тое, што ён у недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, ягонае спальнае месца не было засланае належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы.
Асуджаны адмовіўся працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй спэцкамэндатуры прадпрыемства. Згодна з нормамі заканадаўства, асуджаны абавязаны працаваць там, куды яго накіроўваюць.
Падставамі для пастаноўкі на прафіляктычны ўлік, як даводзіў адзін з супрацоўнікаў спэцкамэндатуры, стала адмова асуджанага падпісаць добраахвотнае абавязаньне аб правапаслухмяных паводзінах ды нежаданьне ўдзельнічаць у гуртках самадзейнасьці. Ён нагадаў, што Цурпанаў не прызнаў віны за ўчыненае ім у Магілёве злачынства.
Супрацоўнікі спэцкамэндатуры на судзе казалі, што Цурпанаў патрабаваў, каб зь ім гаварылі па-беларуску і афармлялі дакумэнты на беларускай мове. Гэтага яны зрабіць не маглі, бо справаводзтва ў іх расейскамоўнае. Яны прызнаваліся, што з такім асуджаным, як Цурпанаў, сутыкнуліся ўпершыню.
Па словах Цурпанава, кіраўніцтву спэцкамэндатуры ён прапаноўваў арганізаваць курсы беларускай мовы. Адмову гаварыць зь ім па-беларуску лічыў дыскрымінацыяй і парушэньнем канстытуцыйных правоў.
На судзе ён прасіў, каб зь ім таксама гаварылі па-беларуску, але пракурор і судзьдзя не задаволілі хадайніцтва, патлумачыўшы адмову тым, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы.
Хто такі Цурпанаў
Валадар Цурпанаў — актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёву. 1 верасьня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны. Да зьняволеньня рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.