Галоўная » “Людзі лесу” шукаюцца ў Глуску

“Людзі лесу” шукаюцца ў Глуску

Са зваротам да глушчан выступіў Глускі раённы музей, які збірае тэматычную калекцыю фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны ўзаемаадносіны чалавека і лесу. Усе жыхары, і не толькі глушчане, могуць дапамагчы музею і архіву VEHA ў захаванні гістарычнай спадчыны. У год гістарычнай памяці да 20 лютага “Людзей лесу” будуць чакаць у Глуску.

“Людзі лесу” – праект, які можна было б пераназваць як “Лес і людзі”. Глускі раённы гісторыка-краязнаўчы музей збірае ўсё, што датычыцца ўзаемаадносін чалавека з прыродай: дрэвамі, жывёлай, раслінамі, кветкамі і г. д. 

Дырэктар раённага музея Наталля Акуліч звярнулася да ўсіх землякоў, якія цікавяцца прыродай, гісторыяй і культурай Беларусі, з пранікнёным зваротам: 

“Калі ў вашай сямейнай калекцыі есць фатаграфіі з сюжэтам на гэтую тэму, будзем вельмі ўдзячныя, калі вы дашляце або прынесяце нам фотаздымкі, а мы зробім з іх лічбавыя копіі. Сабраныя здымкі складуць адкрытую электронную калекцыю “Людзі лесу”, яна будзе размешчана на сайце VEHA (veha.by), будуць удзельнічаць у выставах, а найбольш цікавыя з іх увойдуць у аднайменны рэспубліканскі альбом”. 

VEHA (веха) – незалежная, незарэгістраваная, ініцыятыва была створана яшчэ ў 2017 годзе, каб натхніць на захаванне аматарскай фатаграфіі і сямейных фотаархіваў і гэтым захаваць гісторыю штодзённага жыцця беларусаў. У стварэнні гэтага жывога архіва ўжо прынялі ўдзел 700 чалавек, 5 калекцыянераў, 4 незалежныя ініцыятывы і 18 дзяржаўных музеяў. У ім маюцца больш за 1300 фотаздымкаў у трох калекцыях. І іх колькасць павялічваецца з кожным днём. Архіўныя здымкі ўдзельнічаюць у выставах, даследаваннях, становяцца кнігамі.

Прыняць удзел у стварэнні гэтага надзвычай карыснага для ўсіх нас сацыяльнага архіва можа кожны! У кожнага і кожнай з нас, як кажуць аўтары праекта, ёсць старонкі візуальнай гісторыі Беларусі – нашы сямейныя архівы фотаздымкаў. Часцяком яны ляжаць незапатрабаванымі. Перадаць фатаграфіі тым больш варта, што архіў збірае толькі адсканаваныя фотаздымкі – арыгіналы застаюцца на захаванні ў сям’і. Далей, архівісты апісваюць кожны здымак, каталагізуюць яго, праводзяць рэтуш і публікуюць у онлайн архіве.

Перш чым даслаць фотаздымак, трэба ведаць патрабаванні да фотаздымкаў

  • Па-першае, фатаграфіі павінны быць зроблены да 1980 года на тэрыторыі Беларусі. 
  • Тэма: узаемаадносіны чалавека і лесу (дрэвы і жывёлы, паляванне, паганскія рытуалы і г. д.). 
  • Неабходна пазначыць час, месца, дзе зроблена кожнае канкрэтнае фота, напісаць прозвішчы людзей, выявы якіх маюцца на фотаздымку (зразумела, калі гэта вядома). 
  • Яшчэ пажадана пазначыць імя фатографа (калі гэта вядома).
  • Важна і каму належаў і належыць сёння фотаздымак. 
  • Калі ўладар фотаздымка будзеце дасылаць лічбавую копію, то яе памер па кароткім баку павінен быць мінімум 2500 пікселяў. 

Фотаздымкі раённы музей будзе прымаць да 20 лютага. Іх можна прынесці асабіста або даслаць па электроннай пошце glusk_rikm@tut.by. Дарэчы, ужо сабраныя з розных куткоў Беларусі здымкі можна паглядзець на сайце veha.by у адкрытай электроннай калекцыі “Людзі лесу”. Адрас для сувязі info@veha.by.

Далучаемся да звароту архівістаў і музейшчыкаў і запрашаем глушчан і ўсіх жыхароў вобласці паўдзельнічаць у праекце па захаванні архіўнай фатаграфіі. 

Даць фотаздымкам другое жыццё можа кожны! 

Алесь Верасень

фота з адкрытых крыніц