Галоўная » Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля

Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля

2019 год мы пачыналі з гэтак званага ўльтыматуму Дзмітрыя Мядзведзева, калі расейскі прэм’ер сказаў наўпрост: калі Менск хоча далейшых субсідыяў – мусіць выконваць падпісаную Лукашэнкам дамову. І ўлады Беларусі на гэта пагадзіліся. Увесь год рыхтаваліся таямнічыя дарожныя мапы, зʼяўляліся інфармацыйныя ўкіды пра іх сапраўды змест, мы разважалі пра тое, наколькі яны пагражаюць беларускаму суверэнітэту… Дзе мы апынуліся пасля ці не самага гарачага года інтэграцыі?

Першую палову года бакі рыхтавалі гэтак званыя дарожныя мапы, а афіцыйны Менск распавядаў, што гаворка вядзецца выключна пра эканамічную інтэграцыю, нібыта забываючыся на словы Мядзведзева пра поўнае выкананне дамовы дваццацігадовай даўніны. І вось на гэтым тыдні расейскі прэмʼер нагадаў: будуць і наднацыянальныя органы, і адзіная валюта. Лукашэнка ж, падаецца, асабліва не хвалюецца:

«Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў: парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і іншае. Мы ўвогуле на гэтую тэму з Пуціным не размаўлялі. Гэта ва ўрадзе паспрабавалі звязаць… Не ведаю толькі, навошта».

Літаральна праз некалькі гадзінаў Крэмль праз прэс-сакратара Уладзіміра Пуціна падкрэсліў, што расейскі ўрад з прэзідэнтам трымаюцца адной пазіцыі аб інтэграцыі, якую ўласна Мядзведзеў і агучыў. Нагадвае гісторыю пачатку стагоддзя. З іншым расейскім прэмʼерам Міхаілам Касьянавым.

Валерыя Касцюгова, палітолаг, экспертная супольнасць «Наше мнение»:

«Тады нашыя чыноўнікі разам з расейскімі прыдумлялі Канстытуцыю Саюзнай дзяржавы, рыхтавалі пагадненне аб адзінай валюце, і ўсё гэта было гатова на 99 %, як яны казалі. Ну і нічым гэта не скончылася».

І, паводле адмыслоўца, нічога не кажа пра тое, што сёлета ці налета гэтыя інтэграцыйныя пакуты скончыліся б. З Масквы ў пэўным сэнсе сітуацыя бачыцца такім жа чынам.

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

 «Год страчаны. Год мінуў проста на падрыхтоўку праграмы, якая хутчэй за ўсё ніколі не будзе зрэалізаваная».

Адмыслоўца падкрэслівае, што гэтая праграма прадугледжвае стварэнне адзінай эканомікі. З усім тым, пра што казаў Мядзведзеў: супольная валюта і адзіны эмісійны цэнтр, што адразу робіць гэты план практычна невыканальным.

Андрэй Ляховіч, палітолаг:

«Гэта вельмі шчыльны фінансавы і эканамічны кантроль. Нават пасля гэтага кроку на незалежнасці Беларусі можна было б паставіць крыж. Вось што цікавіла Расею вельмі моцна – прывязаць Беларусь да сябе, каб не залежыць ад таго, хто будзе прэзідэнтам Беларусі».

Ні адзін з апытаных намі палітолагаў не верыць, што Лукашэнка да канца года, як спадзяюцца ў Маскве, або наагул у бліжэйшай будучыні пагодзіцца на ўсе патрабаванні Крамля. Але гэта не нагода супакоіцца.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Гэта паказвае, што Масква ад свайго не адступіцца. І што сама па сабе эканамічная інтэграцыя для іх бессэнсоўная, калі гэта не ёсць грунтам для далейшай палітычнай інтэграцыі – прасцей кажучы, для мяккай інкарпарацыі».

У гэтай сітуацыі вінаваты беларускі бок. Адбіцца ад расейскіх памкненняў сёлета было магчыма. Бо чаму Расея проста не націсне на Беларусь і не скончыць гэтыя пакуты з дарожнымі мапамі?

«Яна не можа не лічыцца з транзітным значэннем Беларусі, не можа не лічыцца з тым, што «Паўночная плынь – 2», якая магла б скласці альтэрнатыву ўкраінскаму і расейскаму кірунку, адцягваецца. Агулам нашае значэнне для рэпутацыі Крамля… усе гэтыя рэчы не былі ўлічаныя належным чынам», – мяркуе Валерыя Касцюгова.

Няўдала разыграныя карты, што былі ў руцэ Менску на пачатку года, прымушаюць цяпер выкарыстоўваць, мякка кажучы, спрэчныя аргументы. Маўляў, калі Расея будзе пагражаць беларускай незалежнасці…

«Гэтага ўжо Захад і NАТО не вытрываюць. Бо яны палічаць гэта за пагрозу ім. У гэтым сэнсе яны ў чымсьці маюць рацыю», – заявіў Лукашэнка.

Наўрад ці хтосьці ў Маскве ўспрымае такія словы сурʼёзна. Бо калі Лукашэнка насамрэч павернецца на Захад, то ягоная палітычная карʼера наўрад ці будзе доўгай.

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Захад яго не прыме. Макея – прыме, яго – не. Таму дарогі на Захад няма. Усе гэтыя размовы пра тое, што Захад кінецца яго бараніць, гэта дурніца. Гэта ж нават не Украіна, бо Украіна – заможная краіна, мае свае рэсурсы, тэхнічны патэнцыял, а Беларусь трэба проста ўтрымліваць».

Так, у Расеі падлічылі, што толькі сёлета Беларусь атрымала з Крамля ў розных формах падтрымання амаль на шэсць з паловаю мільярдаў долараў. Сёлета не аднойчы гучала меркаванне, што Пуціну неабходная інтэграцыя дзеля таго, каб і пасля заканчэння свайго тэрміну застацца ўва ўладзе ў якасці прэзідэнта ўжо Саюзнае дзяржавы. Але не выглядае на тое, што расейскаму лідару моцна замінае Канстытуцыя.

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Ваш пакорлівы слуга два тэрміны адслужыў, пасля сышоў з пасады і меў канстытуцыйнае права вярнуцца на гэтую пасаду. Бо гэта было ўжо не два тэрміны запар. Ну, яно некаторых нашых палітолагаў, грамадскіх дзеячаў, засмучае… Ну, можна было б адмяніць гэтую агаворку».

Вядома, можна, смяецца экспертка Валерыя Касцюгова:

«Шчыра кажучы, я ўвогуле не думаю, што гэта праблема. Я думаю, што ён можа знайсці варыянт і акрамя змены Канстытуцыі. Ну дык на тое ў нас і аўтарытарныя рэжымы, што з правам яны не лічацца».

Тым не менш, у інтэграцыйных перамовах Масква дзейнічае бездакорна, заціскаючы хаўрусніка ў кут. А вось Менск….

«Галоўная памылка беларускага кіраўніцтва, што ўцягнуліся ў перамовы аб паглыбленай інтэграцыі, і ў выніку Масква ж звязала ўсе бягучыя пытанні па беларускай эканоміцы з падпісаннем цэлага пакета. А пакет з падвойным дном», – гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

На тым другім дне – поўная, прынамсі эканамічная, залежнасць ад Расеі. Бо цяжка ўявіць, што абʼяднанне падатковай сістэмы, мытні і ўвядзенне адзінае валюты праходзіла б на беларускіх умовах. Таму ёсць вялікі шанец, што і 2020 пройдзе пад знакам тых жа бясконцых размоваў і крыўдаў хаўруснікаў.

Андрэй Ляховіч, палітолаг:

«Саюзная дзяржава ператвараецца ў поле канфліктаў, гандлёвых і інфармацыйных войнаў з хроснымі бацькамі і іншым, але гэта такая палітычная рэчаіснасць, у якой Беларусь будзе знаходзіцца, пакуль Лукашэнка будзе займаць прэзідэнцкае крэсла».

І ў Маскве відавочна думаюць: досыць – і часу, і выдадзеных на гэты момант усіх магчымых субсідыяў, прэферэнцыяў і крэдытаў на суму вось ужо 133 мільярдаў долараў.

«25 гадоў страчаных магчымасцяў. Каласальных магчымасцяў. З краіны з такім падтрыманнем ува ўсім, ад грошай да тэхналогіяў, можна было б зрабіць першакласную дзяржаву: Швейцарыя б зайздросціла», – мяркуе Андрэй Суздальцаў.

Менск, натуральна, мае і свае контраргументы. Маўляў, ацаніць адзінага хаўрусніка – немагчыма.

Аляксандр Лукашэнка:

«На тэрыторыі Беларусі дзве высокатэхналагічныя базы расейскія. Колькі вы заплацілі нам за гэты час – пасля распаду Саюзу? Нуль!»

Але не прападаць жа высілкам. Варыянт, пры якім Лукашэнка бліжэйшым часам не падпіша ўвогуле нічога з падрыхтаваных дакументаў – мала рэалістычны, мяркуюць нашыя эксперты. На штосьці давядзецца пагадзіцца. Вядома, не на адзіную валюту, як хацелася б расейскаму ўраду, але на чарговую саступку суверэнітэту.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu