Галоўная » Люкі нашай рэчаіснасці

Люкі нашай рэчаіснасці

Да вашай увагі, шаноўныя чытачы, прапануецца невялікі матэрыял, гісторыя якога пачынаецца яшчэ ў далёкім  2011 годзе. Гэтыя некалькі ўмоўных частак нельга назваць журналісцкім расследаваннем, але журналісцім назіраннем – цалкам магчыма.

Першая частка была надрукавана у верасні 2011 года на сайце “Народны журналіст”. Яна мела свае наступствы. Артыкулы, якія з’явіліся пазней, адлюстроўваюць зваротную сувязь. Трэба адзначыць, што гэта непростая сувязь пэўна адчуваецца і на сённяшні дзень.

Цалкам можна разглядаць гэты матэрыял таксама як аснову для сцэнара, які прызначаўся б для невялікага відэасюжэта.

 

 

ЛЮКІ НАШАЙ РЭЧАІСНАСЦІ

Як ні дзіўна, але менавіта каналізацыйныя люкі дапамагаюць спасцігаць дыялектыку жыцця падрастаючаму пакаленню ў мястэчку Бялынічы Магілёўскай вобласці. Яны сталі тут сваеасаблівымі дапаможнікамі, калі не сказаць падручнікамі (падножнікамі) у нялёгкай справе вызначэння пазітыву і негатыву.

Гэтыя бетонна-металічныя канструкцыі пазначаюць у нашай мясцовасці не проста адтуліны каналізацыйных камунікацый. Яны ператварыліся ў сапраўдныя люкі свядомасці дзяцей і дарослых, сталі неверагоднымі хадамі мыслення і фантастычнымі каналамі разумення рэчаіснасці.

Нашы адносіны з сусветам пачынаюцца яшчэ ў раннім дзяцінстве. І ў сур’ёзнай выхаваўчай працы трэба прадугледзець усё – і эстэтычны бок, і спосабы паступовага гартавання характару, і, у рэшце рэшт, навучанне выжываць у экстрэмальных умовах.

Першае, на што звярнула ўвагу кіраўніцтва мясцовага аддзела адукацыі – гэта прыгажосць. І аздобіла каналізацыйныя люкі перад вокнамі дзяржаўнай установы адукацыі “Шматпрофільны цэнтр “Ветразь” (былы Дом піянераў) вось такім чынам.

А што? І свята якое-небудзь можна арганізаваць! “Купалле”, напэўна не атрымаецца – пажарнікі забароняць кола паліць пад вокнамі. А так бы русалак можна было б рассадзіць па люках – нібыта яны адтуль павылазілі.

Тут жа лінейку святочную зладзіць можна. Калі пашанцуе размясціць на ўмоўным квадраце невялічкі духавы аркестр, а калі яго ўжо не сабраць, то хаця б гарністаў з барабаншчыкамі па люках можна расставіць. Каб ігралі перад святочнай калонай.

А гэта ўжо іншы аб’ект, упрыгожаны спецыялістамі сферы адукацыі.

Зразумела, што з вакон другога ці трэццяга паверха райвыканкама такія каляровыя “кружочкі” вельмі файна выглядаюць. А дзеткі з дзіцячай пляцоўкі, ці з музычнай школы, што месціцца побач, могуць пагуляць тут у розныя гульні.

Напрыклад, уцякаючы адзін ад аднаго вакол “кружочкаў”, у пэўны момант могуць ускочыць на любы з люкаў і сказаць: “Я ў доміку!” Выдатны крэатыўны падыход для выкарыстоўвання індустрыяльных аб’ектаў!

Але паступова трэба рабіць умовы выхавання больш жорсткімі. Усё ж такі наша жыццё – не жарт і не гульня. І вось – новы этап: сапраўднае рэаліці-шоў пачынаецца тут жа, за плотам. Літаральна ў пяцідзесяці метрах ад люкаў “прыгожых”, але не ў зоне бачнасці з райвыканкамаўскіх вакон.

Хто забяжыць сюды “у домік”? Слабо? Але не хвалюйцеся – сапраўдныя выхавацелі дакладна пазначылі гэта месца, як небяспечнае.

Таму што побач, арамя “Ветразя”, яшчэ і рэабілітацыйны дзіцячы цэнтр аддзела адукацыі. А таксама інтэрнат той жа ўстановы.

Дарэчы пра інтэрнат, Да яго вядзе сапраўдная маляўнічая дарога. Але выпрабаванні на яе абочынах таксама самыя сапраўдныя!

Усе маладыя мамы павінны ведаць пра люк, які знаходзіцца амаль што ў каляіне! Але ж калі якая-небудзь няспрытная мамаша зазяхаецца – няхай крыўдуе толькі на сваю неўважлівасць. Што зрабіць – такія ўмовы гульні!

З другога боку інтэрната ёсць яшчэ адно месца выпрабавання маладых экстрэмалаў. Калісьці хлопчыкі і дзяўчынкі ганялі тут мяч, уважліва абмінаючы люк, побач з якім ззяла вялікая яма. Але вырасла ўжо і сыйшло з пляцоўкі тое смелае пакаленне, а з ямы вырасла дрэва, адпаведна мяч туды і спецыяльна не загоніш. Так што зараз – усё ОК!

Ёсць яшчэ аднак і сапраўдныя вытанчаныя “пасткі”. Напрыклад, на сцяжынцы ад інтэрната аддзела адукацыі да шматпрофільнага цэнтра “Ветразь”. З новых жыхароў інтэрнату ніхто і не ведае пра той люк. Але старыя яго добра запомнілі. Аўтар матэрыялу быў сведкам, калі ў люк праваліўся малады чалавек. Аднак зараз небяспекі няма – люк так моцна зарос травой, што дзеткі з інтэрнату ўвесь час бегаюць праз яго беза ўсякіх праблем. І нават смела могуць гуляць на ім “у домік”.

Здымак паказвае, што побач са сцежкай, здаецца, нічога няма. Але старажылы ведаюць, дзе можа чакаць небяспека.

Калісьці, менавіта з-за гэтага люка, крышка якога гойдалася нават зімой, тут перасталі ездзіць лыжнікі з суседняй спартыўнай школы (гэта пацвердзяць трэнеры).

Але засталася ў бялыніцкіх лыжнікаў іншая запаведная лыжня. Гэта схіл ад стадыёна спартыўнай школы ў заходнім кірунку, дзе траса пачынаючых фрыстайлераў і слаламістаў упіраецца ў суседскія платы.

Кажуць, што на гэтай трасе мінулай зімой бясследна знік адзін лыжнік.

Усім суседскім таварыствам спрабавалі яго шукаць. Але глыбіня праёма, які калісьці закрываўся люкам, і дзе былі знойдзены лыжы, шакіруе нават  самых смелых.

Таму ў шматпрофільны цэнтр “Ветразь” паступіла прапанова адкрыць альпіністскае аддзяленне. Без спецыяльных прыладаў для альпіністаў дно калодца абследаваць не ўяўляецца магчымым. А што! Падвойная выгада: і лыжнікаў захаваем, і альпіністаў набудзем!

Вось такая рэчаіснасць. Рыхтуем маладое пакаленне да новага жыцця! Жыцця ў стане адкрытых люкаў.

(Працяг будзе)

Юрый Несцярэнка